БАЖ абскарджвае ў судзе папярэджанне ад Мінюсту

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала ў Вярхоўны суд скаргу на папярэджанне, вынесенае 13 студзеня Міністэрствам юстыцыі. Нагадаем, што Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да "БАЖ". Першае тычылася нібыта неадпаведных закону пасведчанняў журналісцкай арганізацыі. Акрамя таго, Мінюст лічыць "непрадугледжанай статутам" арганізацыі дзейнасць Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА "БАЖ". Таксама чыноўнікі заявілі, што на сайце арганізацыі змяшчаецца інфармацыя пра мэты дзейнасці ГА "БАЖ", якія не адпавядаюць статутным.

У сваю чаргу, арганізацыя даводзіць, што не магла парушыць патрабаванняў артыкулаў 1 і 34 закона "Аб СМІ", якія вызначаюць, хто такі журналіст і ў чым яго абавязкі. Да таго ж, пісьмовыя папярэджанні за парушэнні заканадаўства аб СМІ можа выносіць толькі Міністэрства інфармацыі. "Выносячы папярэджанне ГА "БАЖ" за парушэнне заканадаўства аб СМІ, Міністэрства юстыцыі выйшла за межы сваіх паўнамоцтваў", — даводзіць арганізацыя.

БАЖ падкрэслівае, што ніколі не выдавала сваім сябрам службовага пасведчання журналіста, а толькі пасведчанне сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

Цэнтр прававой абароны СМІ дзейнічае пры ГА "БАЖ" з 1999 года ў якасці грамадскай юрыдычнай службы арганізацыі і быў створаны рашэннем Праўлення БАЖ.

Прэтэнзіі Мінюста да ўказання на сайце БАЖ нібыта не адпаведных статутным мэтаў дзейнасці БАЖ арганізацыя лічыць нематываванымі, бо ў папярэджанні не ўказана, якія менавіта мэты міністэрства лічыць "неадпаведнымі". Акрамя таго, у заканадаўстве РБ няма патрабаванняў да зместу інтэрнет-сайтаў недзяржаўных арганізацый.

На падставе вышэйпералічанага арганізацыя просіць Вярхоўны суд прызнаць папярэджанне несапраўдным і адмяніць яго, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі