БАЖ заклікае міжнародную супольнасьць абараніць беларускіх журналістаў
Беларуская
асацыяцыя журналістаў звярнулася да міжнароднай грамадскасці з заклікам
патрабаваць ад уладаў Беларусі спыніць пераслед незалежных журналістаў.
Масавыя вобыскі
па ўсёй Беларусі пачаліся раніцай 27 сакавіка на кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з "Радыё Рацыя", "Еўрарадыё", тэлеканалам
"Белсат", іншымі СМІ — замежнымі і недзяржаўнымі беларускімі. Падчас
вобыскаў у журналістаў канфіскавалі аргтэхніку і розныя носьбіты інфармацыі.
Як лічыць старшыня
БАЖ Жанна Літвіна, акцыя КДБ ў дачыненні да журналістаў "скіраваная на
тое, каб паставіць бар'ер інфармацыі і запалохаць". "Удар нанеслі ў першую чаргу
нашым калегам, якія працуюць на незалежныя СМІ: радыёстанцыі, тэлеканал
"Белсат", — цытуе Ж.Літвіну прэс-служба БАЖ. На думку кіраўнічкі
асацыяцыі, "акцыя, безумоўна, была спланаваная і, магчыма, выклікана
эмацыйнай рэакцыяй на асвятленне СМІ падзеяў 25 сакавіка ў Мінску. Напэўна,
журналісты, якія сёння зазнаюць рэпрэсіі, найбольш прафесійна асвятлялі Дзень
волі", — заявіла Жанна Літвіна.