Беларусь адмовілася прымаць рэйсы “Turkish Airlines”
Напярэдадні турыстычнага сезона Беларусь і
Турцыя ізноў дзеляць паветраную прастору і турыстаў. Агенцтва фінансавых
навінаў паведамляе, што 26 красавіка самалёту “Turkish Airlines”, які здзяйсняў
першы чартарны рэйс паміж Анталіяй і Мінскам, не дазволілі пасадку ў беларускай
сталіцы.
У сваю чаргу, па звестках “АФН” Турцыя адмовілася
прымаць рэйсы “Белавія” па прынцыпе ўзаемнасці.
27 красавіка самалёт “Turkish Airlines” павінен выляцець з Мінска ў Анталію. Ці адбудзецца гэты рэйс – невядома. У раскладзе руху самалётаў у летні перыяд (з 24 красавіка па 27 кастрычніка), змешчаным на сайце НАК “Белавія”, рэйсаў “Мінск – Анталія –Мінск” няма.
Канфлікт паміж авіякампаніямі пачаўся ў чэрвені 2005 года. Авіяцыйнае ведамства Турцыі ва ўльтыматыўнай форме прапанавала Беларусі ў тэрміновым парадку выдаць дазвол на чартарныя палёты з Анталіі ў Мінск турэцкай кампаніі "Turkish Airlines". У адваротным выпадку, турэцкі бок прыстрашваў ануляваць аналагічны дазвол НАК "Белавія".
Рэйсы “Turkish Airlines” у Анталію наўпрост з Мінску і наадварот павінны былі б стаць для турыстаў таннай альтэрнатывай трансферу з ці ў Турцыю праз Маскву. Да таго ж, падарожжы з перасадкай задавальняе далёка не ўсіх турыстаў – асабліва з ліку тых, хто вандруе з дзецьмі.
Па звестках “АФН”, бакі вядуць напружаныя
перамовы. Інфармацыю пра гэта пацвердзілі ў дэпартаменце па авіяцыі
Міністэрствы транспарту і камунікацый. Амбасада Турцыі ў Беларусі таксама
прызнала, што ёсць тэхнічныя праблемы паміж авіякампаніямі двух краін. Зараз
вядуцца перамовы, і ў амбасадзе спадзяюцца на станоўчае вырашэнне дадзенага
пытання.