Беларус дапамагае адпраўляць тоны ежы ва Украіну
Як працуе праект #Ineedhelpua / ineedhelpby
Праект прадуктовай дапамогі беларусам, якія пацярпелі пасля пратэстаў, ператварыўся ў праект дапамогі ўкраінцам, якія цярпяць ад вайны. Еўрарадыё высветліла, як гэта працуе.
Былі “мэтчы”, сталі “данаты”
У 2020 годзе Філіп Гаўрышаў разам з сябрамі запусціў праект Ineedhelpby.org. Валанцёры ў ЗША маглі ўзяць на забеспячэнне сям'ю з Беларусі.
Беларусы маглі пакінуць на сайце праекта заяўку на атрыманне прадуктовай дапамогі. Тых, хто мае патрэбу, злучалі са спонсарамі, і яны дыстанцыйна закуплялі прадукты на анлайн-гіпермаркетах.
— Было нескладана: у Беларусі працуе інтэрнэт-дастаўка. Любы амерыканскі спонсар мог спакойна сфармаваць кошык прадуктаў, заплаціць за яго і адправіць пацярпелым беларусам.
Ва Украіне цяпер усё складаней. І хлопцы за 24 гадзіны "перапілілі" праект. Назвалі яго Ineedhelpua.org.
— Пачалі проста збіраць данаты — і на сабраныя грошы закупляць прадукты для ўкраінскіх гарадоў. На гэтыя грошы мы тонамі купляем прадукты ў Польшчы ці суседняй Славакіі, — расказвае сузаснавальнік праекта, стваральнік акадэміі авіяцыі ў ЗША Андрэй Барысевіч.
"Днямі хлопцы купілі 6 тон тушонкі"
Большая частка прадуктаў сартуецца і захоўваецца на складзе ў варшаўскім бары. Уладальнікі ўстановы родам з Харкава, яны арганізавалі ў памяшканнях, якія прымыкаюць да бара, маштабны склад гуманітарнай дапамогі і забяспечваюць дастаўку ў самыя пацярпелыя гарады Украіны.
— Мы распрацавалі сетку прадуктаў: макарона, крупы, мука, цукар, кансервы, няхуткапсавальныя прадукты. Пазаўчора хлопцы купілі 6 тон тушонкі на варшаўскім заводзе. Праўда, ніхто не ведаў, што слоікі будуць шкляныя. Так што на складзе ўсю ноч гэтыя слоікі перакладалі паперай-кардонкамі. Сёння вечарам гэтае шкло паедзе ў Харкаў.
У Харкаве прадукты атрымаюць гарадская дзіцячая лякарня і валанцёры, якія кормяць людзей у бамбасховішчах.
А частка прадуктаў закупляецца ў суседняй з Польшчай Славакіі. Адтуль яна адпраўляецца ў памежны з Польшчай Ужгарад. Прадстаўнікі ужгарадскай рады звярнуліся да Барысевіча асабіста з просьбай дапамагчы запоўніць пустыя склады: горад прыняў шмат уцекачоў з Усходняй Украіны.
Каманда намагаецца рабіць фотасправаздачы, выкладвае відэа ў сторыз, каб спонсары бачылі: я ахвяраваў — хлопцы купілі.
— Вялікае шчасце, калі можам атрымаць з Харкава справаздачу: маўляў, вось, усё даехала. Але, зразумела, напружваць харкаўчан і патрабаваць ад іх прыгожых фотасправаздач мы не можам. Нам досыць дзвюх-трох фатаграфій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.