Беларусь і Расія паспрабуюць дамовіцца пра пастаўкі нафты ў снежні
Беларусь і Расія паспрабуюць дамовіцца пра пастаўкі нафты ў снежні 2016 года. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Мінэнерга Расіі Кірыл Маладцоў. Паводле яго слоў, абодва бакі зацікаўленыя, каб да канца бягучага года актывізаваць перамовы.
Маладцоў нагадаў, што Беларусь мусіць пастаўляць у Расію 1 мільён тон бензіну. "Яны пастаўляюць бензін, але ёсць пытанні, якія патрабуюць працягу кансультацый", — цытуе словы расійскага чыноўніка interfax.by.
Намеснік кіраўніка Мінэнерга Расіі не агучыў планы паставак нафты ў Беларусь у першым квартале 2017 года. Ён прапанаваў пачакаць зацверджання графіка, якое мусіць адбыцца 15 снежня.
Як вядома, з-за "газавага канфлікту" (Беларусь адмаўлялася плаціць запазычанасць за пастаўкі газу, пра якую заявілі ў Маскве — каля 300 млн долараў) у нашу краіну ў трэцім квартале бягучага года былі скарочаныя пастаўкі расійскай нафты (з 5,3 млн тон да 3,5 млн тон). Неаднаразова заяўлялася, што пытанне ўрэгуляванае, аднак пастаўкі нафты ў ранейшым аб'ёме не былі адноўленыя. З'явілася інфармацыя, што разглядаецца магчымасць павышэнне тарыфаў на транзіт нафты з Расіі праз беларускую тэрыторыю. Падчас візіту ў Баку Аляксандр Лукашэнка вёў перамовы пра пастаўкі азербайджанскай нафты.