Беларус ішоў здавацца ў палон, але падарваўся на міне. Украінец 10 км нёс яго на сабе
Палонны беларус Юрый / 47 ОМБр "Маґура"
Беларуса Юрыя, які падпісаў кантракт з расійскай арміяй, узялі ў палон у Сумскай вобласці.
У 47-й асобнай механізаванай брыгадзе расказалі, што калі мужчына ішоў здавацца ў палон, ён падарваўся на міне. Украінскія вайскоўцы знайшлі яго па крыках. Адзін з украінцаў нёс палоннага на сабе праз замініраваныя палі, гэты шлях расцягнуўся на 10 кіламетраў.
"Для іх [Расіі — Еўрарадыё] мы былі толькі гарматным мясам, не больш", — кажа палонны ў відэа, якое апублікавала брыгада.
Як беларус трапіў у расійскую армію
У відэа палонны расказвае, што пасля падпісання кантракта яго накіравалі на дваццацідзённае навучанне.
"Я разумеў, што справа дрэнная, і вырашыў здацца ў палон. Я быў без зброі, без бронекамізэлькі — толькі заплечнік з прадуктамі і барсетка, дзе былі чыстыя шкарпэткі і трусы", — расказвае мужчына.
Каб застацца незаўважаным з дронаў, ён пайшоў не па дарозе, а праз лес, тэрыторыя якога была замінаваная. Наступіўшы на міну, мужчына сам наклаў сабе турнікет і стаў клікаць на дапамогу. Адгукнуліся двое ўкраінскіх вайскоўцаў.
Самастойна ісці палонны не мог, таму аднаму з украінцаў давялося несці яго на сабе.
"Ён некалькі разоў казаў — кідайце мяне", — прыгадваюць украінцы, якія эвакуявалі беларуса.
У брыгадзе кажуць, што цяпер паспрабуюць абмяняць Юрыя на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон.