Беларус няўдала схадзіў на спатканне з мужчынам у Пецярбургу: яго абрабавалі
25-гадовы беларус няўдала схадзіў на спатканне з мужчынам у расійскім Санкт-Пецярбургу. Як піша “Фонтанка”, хлопец знайшоў сабе сябра на імя Дзяніс на сайце знаёмстваў і 10 красавіка сустрэўся з ім на станцыі метро “Ламаносаўская”. Дзяніс прапанаваў пакатацца на машыне.
Неўзабаве беларускаму турысту пачала не падабацца размова з новым знаёмым. Кіроўца распавёў, што вязе яго ў лес, бо яго “замовілі чачэнцы”. Адкупіцца можна толькі грашыма, запэўніў Дзяніс.
Рабаўнік атрымаў ад пацярпелага 50 тысяч расійскіх рублёў, якія знялі з карткі ў краме (каля 1640 беларускіх рублёў). Затым Дзяніс падкінуў беларуса да метро, там пабіў, забраў iPad і залаты ланцужок.
Пацярпелы напісаў заяву ў паліцыю 12 красавіка.
Адметна, што ў той самы дзень на такое ж няўдалае спатканне схадзіў і 23-гадовы мясцовы жыхар, якога таксама абрабавалі.