Беларусь пакуль не можа атрымаць ад Еўрасаюза фінансавую дапамогу

Беларусь пакуль не можа атрымаць ад Еўрасаюза фінансавую дапамогу ў памеры 290 млн. долараў. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага валютнага фонду, які апублікаваны па выніках трэцяга агляду выканання беларускім урадам праграмы stand-by.  Першапачаткова чакалася, што Беларусь атрымае гэтыя сродкі яшчэ ў чацвёртым квартале 2009 года.

У дакладзе МВФ адзначаецца, што затрымка з выдзяленнем сродкаў выклікана судовым рашэннем у ЕС, згодна з якім усе просьбы аб макрафінансаванні павінны разглядацца новай, а не адыходзячай Еўракамісіяй (чакаецца, што яе склад будзе зацверджаны 9 лютага. — БелаПАН). Гэта, у сваю чаргу, затрымае разгляд камісіяй пытання аб выдзяленні макрафінансавай дапамогі. Затым крэдыт павінен быць абмеркаваны і зацверджаны Еўрапарламентам.

У дакуменце таксама адзначаецца, што ў святле гэтай затрымкі з фінансаваннем улады Беларусі заявілі пра сваю гатоўнасць "прыняць меры, якія знізяць патрэбу ў знешнім фінансаванні прыблізна на 300 млн. долараў за 2010 год у цэлым". Гэтыя меры могуць уключаць, у прыватнасці, некаторае зніжэнне бюджэтных расходаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі