Беларусь спыняе гандлёвую вайну з Украінай

У красавіку беларускі ўрад уводзіць ліцэнзаванне паставак цэмента, шкла, піва і некаторых макаронных і кандытарскіх вырабаў на паўгода. Але прайшо тры месяцы – і ўрад гэта ўсё адмяняе. Чаму?

Галоўны наш удар прыйшоўся на экспарт украінскага піва і кандытарскіх вырабаў. У выніку на паліцах крамаў украінскага піва і цукерак "Рашэн" значна паменела. Кіеў не стаў доўга чакаць з адказам.

16 ліпеня прыходзіць афіцыйнае паведамленне ўкраінскага ўрада: “Украіна ў адказ на дыскрымінацыйныя недобразычлівыя дзеянні з боку Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчавання ўвяла спецыяльныя пошліны на пастаўку электрычных лямпаў напальвання, угнаенняў, халадзільнікаў і шын з Беларусі”.


Памер згаданых “спецыяльных” пошлін — 50-60 % мытнага кошту ў залежнасці ад віду прадукцыі. Катастрофа для танных беларускіх тавараў.

У 2013 годзе Беларусь паставіла ва Украіну ўгнаенняў на 140 мільёнаў долараў, пакрышак — на 90, малака і малочных прадуктаў — на 17, лядоўняў і адпаведнага абсталявання — на 53 мільёны долараў. Украіна ў Беларусь прадала піва і цукерак агулам на 70 мільёнаў. Без калькулятара можна здагадацца, па кім больш моцна ўдарыць узаемнае ўвядзенне дадатковых пошлін ды ліцэнзій.

Меркаваць, быццам Мінск нечакана зразумеў, што не меў рацыі, не даводзіцца. Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што гэта вынік перамоваў.

"Я думаю, што з-за яе мер у адказ. Зараз тыдні два быў перамоўны працэс, і на гэтым усё скончылася", — кажа эканаміст Сяргей Чалы.

Беларускае ж МЗС падводзіць іншую прыгожую афіцыйную версію:

"На працягу красавіка-ліпеня ў пастаянным рэжыме ажыццяўляўся маніторынг сітуацыі з доступам ліцэнзійных тавараў... Яго вынікі сведчаць аб выпраўленні негатыўных тэндэнцый, якія мелі месца на ўнутраным рынку на момант прыняцця пастаноў. Такім чынам, адпала неабходнасць у ліцэнзаванні тавараў...".

Ці скончыцца на гэтым гандлёвая вайна, якую украінскія СМІ ужо назвалі "другім беларускім фронтам"? Цяпер беларускі бок чакае рэакцыі Кіева. Пачакаем.

Фота: ITAR-TASS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі