Беларусь закране сусветная інфляцыя

Нягледзячы на спецыфіку і адасобленасць эканомікі Беларусі, яна церпіць ад павышэння інфляцыі не менш за іншыя адкрытыя эканомікі. А ў сучасных гаспадарках інфляцыя выступае паўсюдна. Лічыцца, што невялікі яе ўзровень аздараўляе эканоміку. Аднак высокая інфляцыя, а таксама дэфляцыя (падзенне ўзроўню коштаў) адбіваюцца негатыўна на гаспадарчае жыццё. Цяпер у краінах свету ўзровень інфляцыі найвышэйшы за апошнія 10-25 гадоў. Эканамісты ў трывозе.
У Беларусі інфляцыя цяпер высокая: 4,1% за тры месяцы. Нагадаю, што на ўвесь год узровень інфляцыі урад планаваў на 6—8%. Лічыцца, што 4-6% на год – дапушчальная для эканомікі інфляцыя. Усё, што ніжэй або вышэй – небяспечна для гаспадаркі любой краіны. За сёлета ўзровень інфляцыі можа скласці 9 % у Кітаі і ва Ўкраіне, 14 % – у Расіі. Высокую інфляцыю прагназуюць у краінах Еўрасаюза і ў ЗША. Еўрарадыё звярнулася да эканаміста Змітра Бабіцкага з пытаннем, ці адаб’ецца гэта на эканоміцы Беларусі, якая, што ні кажы, развіваецца адасоблена і па спецыфічнай мадэлі. “Адаб’ецца” — сцвярджае эканаміст.

Бабіцкі: “Тут моцны ўплыў маюць кошты на энерганосьбіты, якія мы імпартуем. Улада ўвесь час заробак павышае, а заробак таксама ўваходзіць у цану, таму кошты ўсіх тавараў растуць. На глабальным рынку харчовых прадуктаў гвалтоўна растуць кошты. І ўрад іх падымае, бо калі гэтага не рабіць, іх павывозяць з краіны”.

Еўрарадыё: “Кажуць, што да інфляцыі спрычыніліся два вытворчыя цэхі свету – Кітай ды Індыя, якія цяпер, здаецца, вырабляюць усё. Мы ж з Кітаем сябруем. Ці перападзе нам што з іхняга пляча? Можа, яны нам дапамогуць у змаганні з інфляцыяй?”

Бабіцкі: “Тут дзейнічае кардынальна іншая логіка. Яны пачынаюць усё больш вырабляць, і кітайцы і індусы ўсё больш зарабляюць. Адпаведна пачынаюць усё больш спажываць. Як вынік, павышаюцца сусветныя цэны. Бо там жа жыве шмат людзей, гэта вельмі ёмістыя рынкі. На нас адбіваецца гэта такім чынам, што нашы ўнутраныя кошты растуць разам з сусветнымі. І нашае супрацоўніцтва-несупрацоўніцтва – гэта дробязі. Тым больш, што з гэтымі краінамі яно сапраўды нязначнае”.

Нагадаем, інфляцыя, якую з лаціны можна перакласці як “ашуканства” – гэта працэс, калі каналы грошазвароту перапоўненыя грашовай масай. У большасці выпадкаў наступствам інфляцыі становіцца рост цэнаў і адпаведнае абясцэньванне грашовай адзінкі.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі