Беларус "замініраваў" расійскія самалёты

У валгаградскім аэрапорце аварыйна сеў пасажырскі самалёт Як-42, які здзяйсняў рэгулярны рэйс "Масква — Грозны". На яго борце было 73 пасажыры. "Тэлефоннага мінёра" затрымалі ў Мінску.
Прычынай аварыйнай пасадкі стала фальшывае паведамленне пра нібы закладзеную на борце авіялайнера бомбу. Як адзначае сайт "Малороссия", праверка паказала, што ніякай бомбы не было. Тым не менш, праверка доўжылася больш за дзве гадзіны, а пасажыры ў выніку прыбылі ў Грозны з трохгадзінным спазненнем.

Пра бомбу паведаміў невядомы, які патэлефанаваў у аэрапорт "Унукава". Следчыя высветлілі, што тэлефанаванне было зробленае з Мінску. Праваахоўнікі кажуць, што наўрад ці мужчыеа, які званіў, хацеў сарваць палёт — мяркуючы па запісе тэлефанавання, ён быў у крайняй стадыі алкагольнага ап'янення. Нягледзячы на гэта, дыспетчары вырашылі ўсё ж не рызыкаваць і сказалі пілотам пасадзіць самалёт у Валгаградзе.

Праваахоўнікі затрымалі 40-гадовага мінчука. Як высветлілася, мужчына адначасова "замініраваў" адразу два расійскія самалёты. Спачатку ён паведаміў пра бомбу на самалёце Масква - Сінгапур, а праз 5 хвілін - пра меркаваны выбух на самалёце Масква - Грозны.

У першым выпадку "тэлефонны мінёр" тэлефанаваў з мабільнага, а ў другім - з хатняга тэлефона ў Мінску. Абодва нумары належалі аднаму і таму ж чалавеку - 40-гадоваму Дзмітрыю М.

Яго затрымалі ва ўласнай кватэры, інфармуе "Газета.Ru". У мужчыны гэта не першае падобнае злачынства. Раней яго прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за тры выпадкі "тэлефоннага мініравання" беларускіх самалётаў і скіроўвалі на прымусовае лячэнне.

Па словах затрыманага, на званкі ў Маскву ён вырашыўся пасля чарговай сваркі са сваякамі. Цяпер гэта версія правяраецца.

Фота: Большая авиационная энциклопедия

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі