Беларусаў з дапамогай коміксаў навучаць абыходзіць інтэрнэт-фільтры
У інтэрнэце з'явіўся маляваны серыял пра тое, як бяспечна карыстацца інтэрнэтам і як заходзіць на ўлюбёныя сайты ў выпадку іх нечаканай блакіроўкі. Стварыла яго каманда маладых беларусаў, якая пажадала застацца невядомай. Дзейныя асобы комікс-серыяла "Прыгоды Супер-Піфа" – сям’я Каліноўскіх, якая жыве недзе ў Цэнтральнай Еўропе. І бацькі, і дзеці шмат часу бавяць у інтэрнэце. У серыяле можна адшукаць адказы на многія важныя пытанні: як абмежаваць сваю інфармацыю ад чужых вачэй, як заставацца ананімным і нябачным у сеціве. Таксама тут можна даведацца хітрыкі для захавання сваіх пароляў, уласных файлаў, паштовых скрыняў, онлайн-грошай ды шмат іншай карыснай інфармацыі.