Беларусаў зноў абмежавалі ў праве на бясплатную меддапамогу ў Расіі?

Месяц таму грамадзянам Беларусі паведамілі, што Дзярждума Расіі нарэшце ратыфікавала дамову, якая ляжала некалькі год. Зараз мы будзем атрымліваць медыцынскую дапамогу ў Расіі без грошай. Аднак, як даведалася Еўрарадыё, амаль нічога і не змянілася. Бясплатную дапамогу атрымаюць толькі тыя беларусы, якія маюць пасведчанне на права жыхарства ў Расіі «Для беларусаў бясплатная толькі хуткая дапамога. Астатняе ўсё платнае, а хуткая дапамога даўно бясплатная», - кажуць Еўрарадыё ў амбасадзе Беларусі ў Маскве.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі Еўрарадыё пацвярджаюць: для расіян таксама няма ніякіх змен:

«Пагадненне дзейнічае для тых, хто жыве з пасведчаннем на права жыхарства. Расіянам, якія жывуць пастаянна на тэрыторыі Беларусі, будзе аказвацца дапамога таксама, як беларусам. Калі беларус увесь час жыве ў Расіі, толькі тады ён карыстаецца медыцынскай дапамогай, як расіянін. А пакуль часова знаходзіцца ў Расіі, па-ранейшаму застаецца права толькі на экстранную дапамогу».

У амбасадзе Расіі ў Мінску Еўрарадыё растлумачылі, што расіяне даўно ўжо карыстаюцца бясплатнымі медыцынскімі паслугамі:

«Недзе ў 2004 годзе міністерства аховы здароўя Беларусі ўнутраным указам пастанавіла, што расіяне з відам на жыхарства абслугоўваліся бясплатна. Такім чынам, прынятае пагадненне больш важнае для жыхараў Беларусі. Бо ў нас страхавая медыцына. А беларусаў незаўсёды страхавалі па месцы жыхарства ў паліклініках».

Аднак, нават зараз прыдзецца яшчэ пачакаць. Па словах супрацоўніка беларускай амбасады ў Маскве, трэба ўдакладняць механізм выканання дамовы:

«Тэлефануе шмат людей. Але самі ж ведаеце, чалавек чакае канкрэтнага ўказання на месцы. Любая паліклініка ці бальніца будзе зыходзіць з цыркуляра, які выдасць мінстэрства аховы здароўя. Пакуль чакаем».

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі