"Беларусьфільм" хоча адсудзіць у Расіі "Прыгоды Бураціна" і "Белыя Росы"

"Беларусьфільм" збіраецца падаць пазоў у Арбітражны суд Масквы. Беларуская кінастудыя хоча абараніць свае правы на савецкія кінастужкі ўласнай вытворчасці. У архівах Расіі захоўваецца каля 600 фільмаў (170 з іх знаходзіцца ў Дзяржтэлерадыёфондзе РФ), маёмасныя правы на якія належаць нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", а таму з'яўляюцца здабыткам Рэспублікі Беларусь, удакладнілі "Інтэрфаксу" ў прэс-службе кінастудыі.

Там таксама падкрэслілі, што ў СССР зыходныя матэрыялы ўсіх створаных фільмаў перадаваліся на захоўванне ў архівы, якія ў цяперашні час тэрытарыяльна знаходзяцца ў Расіі. Наяўную сітуацыю "Беларусьфільм" называе "дзяржаўным рэйдэрствам з боку Дзяржтэлерадыёфонду Расіі".

Як паведамлялася раней, прадстаўнікі Дэпартамента па кінематаграфіі міністэрства культуры Беларусі звярталіся да расійскіх калегаў з патрабаваннем вырашыць пытанне па вяртанні ў Беларусь зыходных матэрыялаў кінастужак, створаных "Беларусьфільмам" падчас існавання СССР.

"Беларусьфільмам", у прыватнасці, былі знятыя такія стужкі як "Прыгоды Бураціна", "Корцік", "Бронзавая птушка", "Руды, сумленны, закаханы", "Белыя росы", "Ідзі і глядзі". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі