Беларусі не патрэбныя трэндсетэры і он-лайн экзаменатары?

У агульнадзяржаўным спісе прафесій няма ніводнай згадкі пра інтэрнэт, а замест таго, каб дадаваць новыя віды дзейнасці, чыноўнікі прыбіраюць старыя. А вось у суседняй Польшчы толькі сёлета з’явілася 500 сучасных прафесій.
Каб ісці ў нагу з часам польскае міністэрства працы сёлета пашырыла дзяржаўны спіс на 500 новых прафесій. Туды трапілі такія цікавыя заняткі як кулхантэр, містэрышопэр і змывальшчык графіці. Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці дбаюць беларускія чыноўнікі пра сучаснасць, як іх польскія калегі.

У абноўленым польскім спісе 2630 прафесій. У яго беларускім адпаведніку таксама каля 2,5 тысяч відаў заняткаў, аднак ніякімі кулхантэрамі (якія вылоўліваюць новыя трэнды ў модзе і культуры) ды трэндсетэрамі (якія ўводзяць новыя маркі на рынак) тут і не пахне. Тым не менш у міністэрскім Цэнтры аховы працы ўпэўненыя, што ў дзяржаўным класіфікатары прафесій ёсць усё што трэба. 

Супрацоўнік Цэнтра аховы працы: “Прафесіі трэба выбіраць не па назве,а ў залежнасці ад галіновай накіраванасці дадзенай арганізацыі. Таму што ў нас ёсць дзяржаўны падыход. У класіфікатары прапісана, значыцца павінна быць так і ніяк па іншаму. І не трэба нічога прыдумляць, за нас ужо ўсё прыдумалі”. 

А вось польскія чыноўнікі прызнаюцца, што не паспяваюць за развіццём рынка і новымі плынямі, асабліва ў інтэрнэце. Новыя прафесіі з’яўляюцца амаль кожны месяц, кажуць у польскім Дэпартаменце рынку працы.

Супрацоўніца Дэпартамента: “У нас былі праблемы з прафесіямі, звязанымі з інфарматыкай. Гэтая галіна вельмі дынамічная, хутка змяняецца, увесь час нешта новае з’яўляецца. Трэба быць сапраўды добрым экспертам, каб у гэтым арыентавацца. Мы атрымалі прапановы ад інфарматыкаў і праграмістаў, каб пэўныя прафесіі ўвезці. Мы ўвялі, паглядзім, што з імі будзе”.

Новыя прафесіі, звязаныя з кампутарамі і інтэрнэтам, у Польшчы – гэта сярод іншых адміністратары інтэграваных камп’ютарных сістэм ды адміністратары інтэрнэт-старонак, а таксама шэраг настаўніцкіх прафесій звязаных з адукацыяй на адлегласці – напрыклад, он-лайн экзаменатар. А вось у абноўленым сёлета беларускім класіфікатары “Заняткі” слова “інтэрнэт” не згадваецца ні разу.

І гэта пры тым, што пры жаданні чыноўнікаў, спіс прафесій можна абнаўляць хоць кожны месяц, даведалася Еўрарадыё ў Навукова-даследчым інстытуце працы.

Супрацоўніца НДА працы: “У нас у Міністэрстве працы ёсць спецыяльны аддзел, туды ўся краіна кіруе свае прапановы, таксама ўсе галіны прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Калі Мінпрацы лічыць, што трэба ўвесці нейкую новую прафесію ці пасаду, то мы пачынаем праводзіць даследаванні, з арганізацыямі рознымі, можа трэба нешта ўдакладніць. Мы складаем кваліфікацыйную характарыстыку, якую зацвярджае калегія на пасяджэнні”.

Еўрарадыё параўнала агульнадзяржаўны спіс да і пасля апошніх зменаў. Высветлілася, што ніякіх новых прафесій у ім не з’явілася. Брокераў і дылераў у рэдакцыі 2010 года замянілі на спецыялістаў па брокерскай і дылерскай дзейнасці, а прафесію стэнаграфістак прыбралі зусім.

А вось у польскі спіс дадаліся такія прафесіі, як містэрышопэр (“таямнічы кліент”- кантралёр, які пад выглядам звычайнага грамадзяніна правярае якасць тавараў і паслуг, напрыклад у рэстаране ці краме), наглядаючы маклер, лекары нетрадыцыйна медыцыны ― хірапрактык, гамеапат, натурапат ды іншыя.

Фота: woman.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі