Беларуска, якую дэпартавалі з Польшчы, атрымала прытулак у Літве
Наталля Падлеўска / Белсат
Былая палітзняволеная Наталля Падлеўска, якую выслалі з Польшчы, атрымала ў Літве прытулак і дазвол на жыхарства. Пра гэта беларуска расказала ў гутарцы з тэлеканалам "Белсат".
Беларуска прыехала ў Еўрасаюз па літоўскай візе, але асела ў Польшчы, дзе ў яе жывуць сваякі. У кастрычніку 2025-га польскія ўлады ў рамках Дублінскага пагаднення выслалі 60-гадовую Падлеўску ў Літву. Там яна на пачатку лістапада падала прашэнне аб міжнароднай абароне.
"Дзялюся з вамі цудоўнай навіной: мне далі прытулак і доўгатэрміновы від на жыхарства. Праз тыдзень я атрымаю карту і мне вернуць мой пашпарт. Дзякуй усім, хто мне дапамагаў і быў вакол мяне ў гэтыя няпростыя месяцы", — кажа жанчына.
Былая палітзняволеная ўсцешаная гэтым рашэннем Літвы, але ўсё ж хацела б мець магчымасць вярнуцца ў Польшчу.