Беларуская амбасада: Беларусы не хочуць вяртацца з Японіі
Беларускія грамадзяне ў пераважнай большасці адмаўляюцца вяртацца з Японіі.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў трэці сакратар беларускай амбасады ў Японіі Цімур Валошын. На думку дыпламата, беларусы не спяшаюцца пакідаць Японію, бо не бачаць істотнага пагаршэння сітуацыі ў краіне.
Па інфармацыі дыпламата, шмат хто з нашых суайчыннікаў перабраўся ў паўднёвую частку краіны, за 300 кіламетраў ад Токіа. Валошын заявіў, што любога беларуса амбасада гатовая адправіць бліжэйшым авіярэйсам з Японіі ў расійскі Хабараўск, аднак практыка паказвае, што гэтыя самалёты ляцяць нават не цалкам запоўненымі.
Ён заявіў, што беларуская амбасада працягвае сваю дзейнасць у Японіі. Па звестках МЗС Японіі, агулам на тэрыторыі краіны знаходзіцца каля 400 грамадзян Беларусі. 300 з іх маюць доўгатэрміновыя візы ці від на жыхарства. Гэтая статыстыка не ўлічвае дзяцей, якія ёсць у гэтых 300 чалавек.