Беларускі курортнік выхоўваў сына ланцугамі

Выратавальнікі крымскага МНС знялі з хлопца ланцуг, двойчы абкручаны вакол шыі. А жыхары курортнага мястэчка здарэнне замоўчваюць, каб не псаваць сезон. 40-гадовы беларус адпачываў з сынам у крымскай вёсцы Міхайлаўка недалёка ад райцэнтра Сакі. Гвалт адбыўся ўвечары 18 ліпеня.

“Два абароты ланцуга на шыі, — узгадваюць у мясцовым упраўленні МНС. — І замок. Не свірнавы, сярэдніх памераў. Але стары, яшчэ савецкі”.

Выратавальнікаў на вызваленне 11-гадовага хлопчыка выклікалі толькі праз суткі, 19 ліпеня.

Супрацоўнік МНС Украіны: “З яго словаў, ён збег ад бацькі і прыйшоў у міліцыю. А пасля ўжо з міліцыі выклікалі МНС. Мы перарэзалі ланцуг гідраінструментам, бо ні сам хлопчык, ні міліцыянты яго зняць не маглі. Шыю яму вельмі нацерла”.

У МНС кажуць, што такога ў курортнай зоне Крыма яшчэ не бачылі. Дзіўна, але ў самой Міхайлаўцы здарэнне амаль не абмяркоўваюць:

“Па вёсцы ў нас ніякага шуму няма, — распавядае тамтэйшы жыхар. — Я быў там у канцы мінулага тыдня: серада, чацвер, пятніца. Распытваў... Розгаласу ў вёсцы няма”.

Міхайлаўка — вялікая вёска. Яна дзеліцца на старую і новую і да таго ж злучаная з некалькімі садовымі таварыствамі. Штолета турысты здымаюць тут дзесяткі дамоў.

Сёлета ў Сакскім раёне адпачывае на 25% курортнікаў больш за летась. Гаспадар аднаго з мясцовых агенцтваў нерухомасці кажа, што сярод іх шмат беларусаў.

Гаспадар агенцтва нерухомасці: “Беларусаў нямала. Будзем казаць так: машынаў з беларускімі нумарамі шмат”.

Іншая мясцовая жыхарка лічыць, што выпадак з беларускім хлопчыкам замоўчваюць, бо баяцца зрабіць курортнаму мястэчку антырэкламу.

Мясцовая жыхарка: “Калі мужчыну гэтага забралі, і калі ўзнікла ўся гэтая сітуацыя, тыя людзі, хто здаваў хату, і іх суседзі былі ў курсе справы. А астатнія, хто з імі не мае стасункаў, нічога і не ведаюць. Бо, натуральна, ніхто ў разгар курортнага сезона з гэтага паказальную імпрэзу рабіць не будзе, правільна?”

Дагэтуль не зразумела, што падштурхнула беларуса да таго, каб учыніць гвалт над сынам. У мясцовым МНС мяркуюць, што простага тлумачэння тут быць не можа.

Супрацоўнік МНС Украіны:
“Спачатку думалі, што бацька нападпітку ці злавіў “вавёрачку”, як кажуць. Не, абсалютна цвярозы”.

Як сведчыць супрацоўніца Сакскай пракуратуры Наталля Казяняшава, якая займаецца гэтай справай, беларус працягвае дэманстраваць зайздросную адэкватнасць.

Наталля Казяняшава: “Скардзіцца на нас. Лічыць, што справу супраць яго распачалі беспадстаўна. І сцвярджае, што не пазбаўляў хлопчыка свабоды”.

Тым не менш, у пракуратуры Еўрарадыё паведамілі, што гора-бацьку інкрымінуецца частка 2 артыкула 146 Крымінальнага кодэкса Ўкраіны — “Пазапраўнае пазбаўленне волі”. Пакуль Сакскі гараддзел міліцыі працягвае дасудовае следства, беларускі аматар ланцугоў пад падпіску аб невыездзе застаецца ва Ўкраіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі