Беларускі “тайбаксёр у вышыванцы” сустрэнецца з самым топавым сапернікам
Двубой Дзмітрыя Валента з канадцам Сайманам Маркусам пабачаць прыкладна ў 170 краінах свету.
Паядынак Валента і Маркуса адбудзецца ў кітайскім Гуанчжоў 26 кастрычніка. Абодва з’яўляюцца чэмпіёнамі свету ў вазе 80 кг па розных версіях. Аднак канадскі баец лічыцца самым топавым і пакуль не прайграў ніводнага паядынку ў жыцці па правілах муай-тай.
Падзея будзе транслявацца з Кітая на прыкладна 170 краін свету. Праўда, у Беларусі двубой не пакажуць.
Дзмітрый Валент вядомы ў Азіі нашмат больш, чым на Радзіме. Аднак і дома ён праславіўся, калі выйшаў у рынг у вышыванцы. Гэта здарылася ў Мінску 13 верасня. “Баец у вышыванцы” супрацьстаяў чэмпіёну Таіланда Паному. Нягледзячы на цяжкае рассячэнне, Валент у другім раўндзе эфектна выключыў тайца левым бакавым насустрач.