Беларускі тэнісіст Максім Мірны можа не трапіць на Алімпійскія гульні

На Алімпійскія гульні ў Пекін можа не паехаць беларускі тэнісіст Максім Мірны. З-за нізкага рэйтынгу ў адзіночным разрадзе, дзе Мірны цяпер не ўваходзіць у першую сотню, у яго заставаліся шансы на парны разрад, дзе калісьці Максім разам з Ёнасам Б’ёркманам быў адным з найлепшых.

Аднак гульня ў іх разладзілася, не атрымліваецца яна ў Мірнага і цяпер ужо з новым партнёрам – брытанцам Джэймі Мюрэем. Напярэдадні яны прайгралі ў першым крузе адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.

Пра абноўлены рэйтынг Мірнага стане вядома пасля заканчэння чэмпіянату Аўстраліі, але перад ім ён займаў толькі 16-ы радок. Апошняя параза можа адкінуць яго яшчэ ніжэй.

Еўрарадыё звязалася з вядучым спецыялістам Беларускай тэніснай асацыяцыі Аляксандрам Руцкім. Ён настроены аптымістычна, што да магчымага ўдзелу Максіма Мірнага ў Алімпіядзе ў парным разрадзе:

“Там складаная сістэма, таму так проста не патлумачыш. Першая дзесятка сабе “браніруе” месцы і пасля “дабіраецца” за кошт прапановаў Сусветнай тэніснай асацыяцыі. А Максім Мірны, усё ж такі, адзін з самых выдатных тэнісных гульцоў”.


Такім чынам, у Максіма Мірнага яшчэ ёсць час – да чэрвеня, калі стане вядома, хто ж паедзе на Алімпіяду. Калі ён не здолее палепшыць свой рэйтынг, тады беларусу давядзецца спадзявацца, што чыноўнікі з Сусветнай тэніснай асацыяцыі згадаюць пра яго ранейшыя заслугі і вырашаць выбраць менавіта яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі