Беларускія артысты адмовіліся ехаць у Цяньцзінь пасля ўцечкі цыяніду
За гэта ім пагражаюць адмяніць квіткі дадому.
Балетная трупа Музычнага тэатра з 31 ліпеня гастралюе ў Кітаі, яны ўжо аб'ездзілі некалькі кітайскіх гарадоў. Бліжэйшыя тры дні беларускія артысты мусілі паказваць балеты "Жызэль" і "Тысяча і адна ноч" у Цяньцзіне — горадзе, дзе некалькі дзён таму адбыліся выбухі ў порце і на складах з небяспечным цыянідам.
Вялікая частка трупы адмовілася туды ехаць, бо палічыла такую паездку небяспечнай для жыцця. Тэатр знаходзіцца за 60 км ад порта. Артыстка балета Ксенія Станкевіч кажа, што кітайскія арганізатары нічога ім не распавядалі пра здарэнне. А пра выбухі яны даведаліся ад сваякоў у Беларусі ды Японіі, піша "Комсомольская правда".
Адправіліся ў Цяньцзінь толькі паўтара дзясятка чалавек. Па словах артыстаў, кітайскія арганізатары гастроляў прыгразілі, што не вернуць дэкарацыі і анулююць зваротныя квіткі ў Беларусь.
Беларускія сваякі артыстаў звярталіся ў розныя інстанцыі, але ім кажуць, што надзвычайнае становішча ў Кітаі не абвешчана, таму адмову нельга растлумачыць форс-мажорнымі абставінамі. У амбасадзе артыстам сказалі, каб родныя дасылалі ім грошы на пражыванне. Акрамя таго, ім давядзецца дабірацца да Пекіна за свае грошы.
Тым часам у Музычным тэатры кажуць, што гастролі ў Кітаі ідуць згодна з графікам.
Фота: musicaltheatre.by