Беларускія блогеры прасоўваюць новыя тэхналогіі

Беларусы карыстаюцца вэб 2.0, але самі таго не ведаюць. Ці можа Байнэт прапанаваць альтэрнатыву замежным сэрвісам, кшталту лайвджорнал ці ютуб? Пра гэта 18 чэрвеня гутарылі IT-спецыялісты на канферэнцыі “Байнэт 2.0: вэб у новым фармаце”.
Еўрапейскае радыё для Беларусі паспрабавала высветліць апошнія тэндэнцыі развіцця Байнэту:

“Падмуркам новага падыходу web 2.0 ёсць блогасфера. Далейшае станаўленне новай тэндэнцыі зацвердзілі шматлікія вэб-сэрвісы: разумны пошук, сайты для мабільных тэлефонаў, сацыяльныя сеткі, online-офісы, закладкі, падкастынг, файлавыя сховішчы, відэатэрміналы і іншае”, — распавядае ў сваім дакладзе Аляксандра Дзянісава.

На гэты момант у Байнэце ёсць сацыяльныя сеткі 1.0 — гэта сайты знаёмстваў, форумы. Сацыяльныя сеткі 2.0 таксама ёсць, але не ў Байнэце. Гаворыць Аляксандра:

— У асноўным гэта блогасфера, палова з якой тусуецца на livejournal.com, але ж гэта нашы, беларусы. Як правільна сказаў Караленка (аўтар-каардынатар праекту akavita.by), беларуская медыя-прастора - у ЖЖ.

Спробу сапраўднага Інтэрнэт-тэлебачання Байнету дэманструе рэсурс itv.by. Стваральнікі каналу плануюць развіваць банерную відэа-сетку, а грошы зарабляць карпаратыўнымі перадачамі і рэкламай. Гаворыць Таццяна Лашук, кіраўніца праекту:

- Карыстальнік сам мадэлюе сваю прастору. Чакаць нічога не трэба. Я выбіраю той сюжэт, які мне цікавы, загружаю яго сабе — і гляджу. Цяпер мы здымаем свае навіны, карпаратыўныя навіны.

Ёсць рубрыка “народныя навіны”. Сталі праводзіць прамыя трансляцыі. У мінулую пятніцу ў нас была прамая трансляцыя футболу - першая ў беларускім Інтэрнэце. Эфір быў са стадыёна ў Салігорску.

Справы са сховішчамі непрафейсійнага кантэнту куды горшыя. Асноўныя яго стваральныкі-падкастэры вымушаныя размяшчаць свае ролікі на рускіх ці заходніх пляцоўках. Беларускі падкастынгавы тэрмінал — podcasting.by спыніў сваё існаванне ў пачатку вясны сёлета. Найбольшай папулярнасцю зараз карыстаецца youtube.com. Ёсць падобны беларускі рэсурс tube.by.

Беларускі мабільны Інтэрнэт таксама не стаіць на месцы. Канкурэнцыю сэрвісам сотавых аператараў стварае wap.by. Пра тэндэнцыю развіцця рэсурса кажа Павел Габрыэль:

- Зараз вельмі шмат карыстальнікаў ходзіць у расійскі wapnet. Мы намагаемся даць наведвальніку магчымасць фатаграфаваць нейкі малюнак і адправіць яго, з кімсьці падзяліцца. Магчымасць зняць відэаролік, адправіць яго і падзяліцца. Мы хочам стварыць нармальны сэрвіс блогаў і фотаальбомаў.

Сённяшні пошук становіцца “разумным”. Інфармацыю можна шукаць на зададзеных сайтах ці на тых рэсурсах, дзе найчасцей бывае вэб-сэрфер. А ставаральнікі праектаў могуць “заточваць” магутнасці глабальных пошуковых сістэм пад свае патрэбы.

Цікавым працягам развіцця з’яўляецца асацыятыўны “пошук па дрэве”. Сёння ён ўжо рэальнасць рускага Інтэрнэту. Гаворыць IT-спецыяліст з Расіі, Антон Шуркус:

— Разам з пошукавым вынікам карыстальнік атрымоўвае мапу слоў, якія блізка асацыююцца са словам (ці словамі) пачатковага запыту. Клікаючы па словах на мапе, можна свой пашуковы запыт удакладняць.

І, адпаведна, атрымаць больш дакладны вынік. Ці, убачыўшы на мапе слова, якое не датычыцца тэмы, выдаліць цэлую галіну вынікаў, якая яўна няправільная (прыклад, quintura.com)

Уладальнікі беларускіх web — 2.0 рэсурсаў гавораць пра 1000 наведвальнікаў у дзень і прагназуюць рост трафіку ў бліжэйшы час. Але такі аптымізм не падзяляе адзін з каардынатараў найбуйнейшай статыстычнай сістэмы Байнэту akavita.by Фёдар Караленка, які сітуацыю ў беларускім сеціве абазначыў як “тройчы нуль”. Гэты тэзіс спадар Караленка патлумачыў наступным чынам: нуль грошай, нуль праектаў, нуль наведвальнікаў.

— Усе, хто валодае тэхналогіяй web 2.0, разумеюць, што на гэтым можна зарабляць вялікія грошы і не ў беларускім Сеціве. Не таму, што беларусы тупыя, а таму што свае сілы трацяць не туды. Няма энтузіястаў, і няма грошаў. Перспектывы былі б велізарныя, каб было хоць што-небудзь адно.

Але стваральнік беларускага блог-сэрвісу ByJournal.com booblik (у жыцьці Андрэй Ліс) не “ламаецца” перад цяжкасцямі. Вось што натхніла чатырнаццацігадовага хлопца з Мазыра стварыць беларускую сацыяльную сетку:

— Веб 2.0 — гэта больш, чым просты Інтэрнэт. Самі карыстальнікі пішуць, самі ствараюць вэб. Раней сайты рабілі праграмісты, цяпер кожны чалавек можа зайсці ў Інтэрнэт, з дапамогай зручных інструментаў напісаць свой блог, ці сацыяльную сетку, ці любую навіну, якая будзе апублікавана. Зараз мы шукаем інвестараў, якія дадуць грошы на праект. У асноўным ўсё раблю адзін.

Як бачым, беларускі веб-два-ноль ёсць і развіваецца, нягледзячы на ўсё цяжкасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі