Беларускія чыгуначнікі вернуцца з Бранска дадому пасля следчых мерапрыемстваў

Дыверсія на чыгунцы пад Бранскам / smotrim.ru
Дыверсія на чыгунцы пад Бранскам / smotrim.ru

Брыгада лакаматыва, які сышоў з рэек у Бранскай вобласці 1 траўня, не пацярпела, чыгуначнікі ў поўным парадку. Пра гэта губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў у тэлефоннай размове з старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко. Падрабязнасці іх размовы перадае прэс-служба Гомельскага аблвыканкама.

Гомельскія чыгуначнікі, як заявіў расійскі чыноўнік, вернуцца дадому пасля ўсіх следчых мерапрыемстваў.

У сваю чаргу Іван Крупко запэўніў расійскага губернатара, што гатовы аказаць любую дапамогу, патрэбную для расследавання здарэння.

Як паведамлялася раней, зранку 1 траўня на 136-м км перагону Унеча — Рассуха на чыгунцы спрацавала выбуховае прыстасаванне. Выбух адбыўся за 50 м ад грузавога цягніка №2528 фармавання Беларускай чыгункі. Ён ішоў з Гомеля ў Бранск і перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы. Лакаматыў, а таксама восем з 78 вагонаў сышлі з рэек.

Рух на перагоне аднавілі зранку 2 траўня. У ліквідацыі наступстваў выбуху ўдзельнічалі 300 чыгуначнікаў і тры аднаўленыя цягнікі, паведамляе прэс-служба Расійскай чыгункі. Было ўкладзена каля 100 метраў чыгуначнага палатна. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі