Беларускія дзеці для замежных бацькоў

Замежнікі змогуць усынавіць толькі тых дзяцей, якія больш за год не змаглі знайсці сабе беларускіх бацькоў. У Беларусі пачала дзейнічаць новая пастанова Савета Міністраў “Аб парадку міжнароднага ўсынаўлення і ўстановы міжнароднай апекі над дзецьмі”.

Не менш важным пунктам пастановы стала і тое, што ўстанаўленне міжнароднай апекі стане магчымым толькі пры наяўнасці спецыяльнай дамовы паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі.


На сёння такая дамова падпісана толькі з Італіяй, але, паводле намесніка міністра адукацыі Таццяны Кавалёвай, усе краіны праінфарміраваныя, аднак пакуль ніякай ініцыятывы ад іх няма.

ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

Сёння колькасць дзетак у банку дадзеных Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення складае 11 тысячаў. Усе яны з прагнуць знайсьці сям'ю. Усяго ж у Беларусі 28 тысячаў дзяцей-сірот, большасць з якіх жыве ў прыёмных і апякунскіх сем’ях.

На пытанне, якія дзеці падпадаюць пад міжнароднае ўсынаўленне, адказвае дырэктар нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Наталля Паспелава:

“Па-першае, гэта дзеці, звесткі пра якіх не менш за год са дня пастаноўкі на ўлік знаходзяцца ў рэспубліканскім банку дадзеных аб дзецях-сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў. Па-другое, тыя, хто ўключаны ў спіс дзяцей, што падлягаюць міжнароднаму ўсынаўленню.

Парадак уключэння дзіцяці ў гэты спіс наступны: дзяржаўны апякун дзіцяці, орган апекі і папячыцельства на тэрыторыі якога знаходзіцца дзіця,  абласное ўпраўленне адукацыі ці камітэту па адукацыі ў Мінску ініцыююць унясенне звестак пра дзіця ў вышэйназваны спіс.

Адзначаныя ўстановы перад унясеннем дзіцяці ў спіс павінны пераканацца ў немагчымым сямейным уладкаванні дзіцяці на тэрыторыі Беларусі.


Для гэтага трэба правесці грунтоўную працу па вывучэнні кантактнай сеткі дзіцяці (ці ёсць сваякі, іх меркаванні па ўладкаванні ў іх сем’і, ці ёсць жадаючыя ў Беларусі прыняць дзіця ў апякунскую, прыёмную сям’ю на ўсынаўленне ці ў дзіцячы дом сямейнага тыпу)”.

Але ж сённяшнія паказальнікі нацыянальнага ўсынаўлення не вельмі радуюць. Калі на пачатку 90-х прыкладная колькасць усынаўленняў складала паўтары тысячы, то зараз усяго 300—400 дзетак знаходзяць сабе новых бацькоў.


Да таго ж, замежныя ўсынавіцелі, у адрозненне ад беларускіх, усынаўляюць не толькі здаровых, але і хворых дзяцей. Але ж, на думку Наталлі Паспелавай, у нечым умовы міжнароднага ўсынаўлення і спрасціліся:

“Гэта тычыцца тэрміну дзеяння дакументаў замежных кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Калі раней дакументы лічыліся прыдатнымі на працягу году з даты падрыхтавання, выдачы, то зараз гадавым тэрмінам абмежаваныя толькі два дакументы: медычная даведка пра стан здароўя і заява пра намер усынаўлення.


Дарэчы, для нацыянальных усынавіцеляў тэрмін дзеяння дакументаў застаецца адзін год”.

Такія змены зразумелыя. Як паказвае практыка, працэс замежнага ўсынаўлення цягнецца куды больш за год. Таму атрымлівалася своеасаблівае замкнёнае кола: дакументы не паспявалі разгледзець, як ужо трэба было абнаўляць іх.

Дарэчы, кошт афармлення папер для замежнікаў складае прыкладна 700 долараў, а для нацыянальных усынавіцелей гэтая паслуга бясплатная.

Фота — www.rusbereza.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі