Беларускія малатабойцы два месяцы ўстрымліваліся ад сэксу і елі яйкі быка

Кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі маюць намер абскардзіць рашэнне аб дыскваліфікацыі ў Арбітражным спартыўным судзе ў Лазане. Нагадаем, срэбраны і бронзавы прызёры пекінскай Алімпіяды ў кіданні молата паводле рашэння дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта дыскваліфікаваныя за станоўчыя допінг-пробы. Ціхан дыскваліфікаваны на два гады, а Дзевятоўскі пажыццёва, бо раней яго ўжо каралі за ўжыванне допінгу.
У крыві малатабойцаў было выяўлена значнае перавышэнне ўзроўню тэстастэрону. Як паведамляе сайт postimees.ee, Ціхан і Дзевятоўскі катэгарычна адмаўляюць факт ужывання забароненых прэпаратаў. У сваіх тлумачальных запісках яны сцвярджаюць, што два месяцы перад Алімпіядай устрымліваліся ад сэксу, а Ціхан быў на спецыяльнай дыеце з морапрадуктаў і яек быка.