Беларускія прадпрыемствы працягваюць адпачываць

Шмат буйных прадпрыемстваў краіны не аднавіла сваю працу пасля навагодніх святаў. "Інтэграл", БАТЭ, "Луч", Добрушская папяровая фабрыка стаяць. Прычыны розныя: выходныя у Расіі, пераносы працоўных дзён на суботы і, натуральна, крызіс. Менавіта крызіс ды ўнутраныя праблемы спынілі працу мінскага Навукова-вытворчага аб'яднання "Інтэграл" да 12 студзеня, распавялі Еўрарадыё у прыёмнай прадпрыемства.

"Інтэграл": Мы да 12 студзеня стаім. Няма працы, таму і стаім, ўсё спынена. Гэта і з крызісам звязана часткова, і з унутранымі праблемамі. Гэта звычайна пад Новы год бывае. Кожны Новы год 5, 7 ці 8 дзён стаім.

Супрацоўнікі Завода гадзіннікаў "Луч" адпачываюць да праваслаўнага Раства. Але гэты адпачынак ім прыйдзецца адпрацоўваць па суботах.

"Луч": Сёння выйшлі на працу тыя людзі, хто робіць справаздачы ды інвентарызацыю. Асноўная частка працаўнікоў выйдзе 8 студзеня, таму што 5 і 6 студзеня перанесеныя на суботы. Гэта для людзей зроблена. У нас жа калектыў у асноўным жаночы, а ў дзяцей вакацыі да 7 студзеня.

На мінскіх заводах "Атлант", "Гарызонт" ды Камвольным камбінаце увогуле не адказваюць на званкі.

Тое ж і на брэсцкіх буйных прадпрыемствах, якія абзваніў карэспандэнт Еўрарадыё Юльян Навумік. Згодна з ягонымі звесткамі, шмат каму з працаўнікоў давялося ўзяць адпачынак за свой кошт, некаторыя заводы перайшлі на чатырохдзёнку. Вось што Юльян Навумік распавёў нам па тэлефоне.

Юльян Навумік: У Брэсце ў рэжыме аўтаадказчыка працуе сувязь на флагманах прамысловасці: на "Газаапараце", электралямпавым і электрамеханічным заводах і "Цветатроне". Паводле нашых звестак, на большасці прадпрыемстваў адпачынак за свой кошт далі працаўнікам да 7 студзеня, а на электралямпавым - да 12. "Сельмаш" працуе ў рэжыме чатырохдзёнкі, Завод бытавой хіміі працуе поўны тыдзень, але з лютага таксама плануе перайсці на чатырохдзёнку. З поўнай загрузкай працуюць незалежныя формы ўласнасці і прадпрыемствы харчовай прамысловасці і будаўнічага профілю.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў Баранавічах. Перадае наш карэспандэнт Іван Юрашчык:

Іван Юрашчык: Адно з горадаўтваральных прадпрыемстваў - "Баваўнянае аб'яднанне", на якім зараз больш за 3 тысячы чалавек, аб'явіла вакацыі да 12 студзеня. Вядома ж, за кошт працаўнікоў. Працаваць на склад ім забаронена. Самае буйное прадпрыемства "Атлант", прадукцыя якога - кампрэсары да халадзільнікаў, раней разляталася па свеце, стаіць з 24 снежня. Вакацыі працягнуцца да 12 студзеня.

На сайце "Электронны Барысаў", з'явілася інфармацыя, што да 12 студзеня стаў завод, назву якога ў мінулым годзе вывучыла ўся Беларусь - "Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання", ці БАТЭ. На заводзе Еўрарадыё адказалі, што гэта не вакацыі, а ўсё той жа адпачынак за свой кошт.

БАТЭ: Людзі напісалі заявы на адпачынак за свой кошт. Хтосьці пісаў, хтосьці - не. Але афіцыйна мы не на вакацыях.

Выходныя ў Расіі паўплывалі на графік працы Добрушскай папяровай фабрыкі. З-за таго, што прадукцыю прадпрыемства купляюць у асноўным расійскія арганізацыі, у якіх вакацыі да 12 студзеня, фабрыка будзе адпачываць на рускі лад.

Добрушская папяровая фабрыка: У нас выходныя па 11 студзеня. Гэта звязана з тым, што асноўныя спажыўцы нашай прадукцыі ў Расіі. А там зараз выходныя.

А вось у Магілёве ды Пінску адпачынак ужо скончыўся. Перадаюць нашыя карэспандэнты Юрась Вітальеў і Глеб Паўлоўскі.

Юрась Вітальеў: У Магілёве з панядзелку працуюць такія асноўныя прадпрыемствы, як "Ліфтмаш", "Строймаш" і "Тэхнапрыбор". Завод імя Кірава не працуе да 8 студзеня, але гэтыя дні яны адпрацавалі па суботах у снежні.

Глеб Паўлоўскі: "Пінскдрэў" працуе ў поўным аб'ёме. На ПТК "Палессе", якое вырабляе трыкатаж, усе людзі таксама выйшлі пасля святаў.

Як паўплываюць усе гэтыя адпачынкі на беларускую прамысловасць, даведаемся хуткім часам.

Фота - luvre.by.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі