Беларускія зоркі здымуцца ў серыяле па кнізе Тамары Лісіцкай
Чакаецца, што фільм "Ціхі цэнтр" выйдзе ўжо ў канцы года.
У Мінску амаль скончыліся здымкі серыяла паводле рамана беларускай тэле- і радыёвядучай Тамары Лісіцкай "Ціхі цэнтр". Як высветлілася, экранізаваць раман пісьменніцы прапанавала кінакампанія "Беларусьфільм", у адказ на што Лісіцкая нават самастойна напісала сцэнар да стужкі. Рэжысёрам карціны стала беларуска Рэната Грыцкова, якая ў мінулым годзе зняла псіхалагічную драму "Інсайт" з Багданам Ступкам і Ірынай Разанавай. Варта адзначыць, што і рэжысёр, і аўтар вельмі задаволеныя працай адна з адной
Рэната Грыцкова: "З Тамарай супрацоўнічаць адно задавальненне, бо яна аўтар кантактны, гнуткі і неверагодна разумны і таленавіты. Таму мы заўсёды знаходзім пункты судакранання і верым, і разлічваем на тое, што спрэчкі вядуць толькі да паляпшэння прадукту".
Як распавяла Еўрарадыё Тамара Лісіцкая, у стужцы разам з вядомымі імёнамі задзейнічаныя і студэнты Акадэміі мастацтваў.
Тамара Лісіцкая: "Расійскія акцёры Максім Радугін, Варвара Андрэева, украінец Астап Ступка – гэта легіянеры. Але шмат беларускіх акцёраў, за якімі я даўно вельмі назірала як глядач – Тамара Міронава, Святлана Анікей, ёсць некалькі пакуль яшчэ студэнтаў Акадэміі".
Цікава, што сама Лісіцкая ўжо мае акцёрскі досвед, бо калісьці здымалася ў серыяле "Нядзеля ў жаночай лазне" Дзмітрыя Астрахана, але на ролю ў "Ціхім цэнтры" яна не прэтэндавала. Праўда, у адным з эпізодаў аўтарку рамана ўсё ж можна будзе ўбачыць разам з вядомымі прадстаўнікамі беларускага шоў-бізу.
Тамара Лісіцкая: "У адным з эпізодаў будзе клубная тусоўка пазнавальных асобаў беларускага шоў-бізу. Я зрабіла прапанову практычна ўсім прадстаўнікам, і ўсе яны пагадзіліся. Але цяпер важна ці будзе ў іх час, таму дакладна сказаць, хто там будзе прысутнічаць я не магу".
Тамара дадала, што да канца здымак стужкі засталося толькі некалькі тыдняў, а паказаць яе гледачу плануецца пад новы год, але дакладных датаў пакуль не называе, бо яшчэ няма дамоўленасці з тэлеканаламі.
Тамара Лісіцкая: "Яшчэ некалькі тыдняў на здымкі. Потым у кастрычніку рэжысёр мусіць распачаць мантаж і да снежня - перыяд агучкі. А снежань ды студзень гэта ўжо час выхаду фільма на экраны. Ён будзе паказаны на беларускім тэлебачанні, і мы спадзяемся на яго экспартны лёс у Расіі ды Ўкраіне".
Па словах Рэнаты Грыцковай, акрамя паказаў у нашых суседзяў ёсць планы на ўдзел і ў кінафестывалях.
Рэната Грыцкова: "Фестывалі тэлевізійнага кіно, гэта цалкам наш кантынгент, і мы пагодзімся на любое запрашэнне, але запрашэнні заўсёды ідуць ад іх. Мы павінныя паказаць – яны адабраць. Я думаю, што паедзем".
Дададзім, што дзеянне чатырох серый "Ціхага цэнтру" адбываюцца ў нашы дні ў Мінску. У адным старым ціхім доме жывуць вельмі розныя людзі: незапатрабаваны музыка, бізнэсмэн-эмігрант, фотамадэль, былая акторка, якая паступова вар'яцее, мастак-даўн, наркаман, няўдачлівы прадзюсер, свецкая львіца, прыбіральшчыца-алкагалічка, мясцовая тэлезорка і іншыя. У кожнага з іх свая гісторыя, месцамі сумная, месцамі вясёлая, і ўсе гэтыя гісторыі падчас дзеяння перакрыжоўваюцца, што дадае сюжэту вастрыні і цікавасці.
Максім Радугін і Алеса Качэр - выканаўцы роляў Ігара і Вольгі