Беларусы акупавалі вар’яцкі дом мастацтва ў Берліне

Увагу карэспандэнта прыцягнула шыльда амаль у самым цэнтры Берліна - на беларускай мове! На вялікай шыльдзе белым па чорным былі выведзеныя словы “Беларусь” і “Мінск”, што пацягнула як магнітам унутр з камерай.   
Гэта былы будынак універмага ў габрэйскім квартале Шэўнэнвіртэль у Берліне, зусім побач з сінагогай. Некалі будынак быў турмой для габрэяў. 13 лютага 1990 года, у дзень, калі быў прызначаны яго знос, будынак захапілі мастакі і назвалі яго Тахелес, што ў перакладзе з ідыш - “простая мова”.   
Цяпер гэты вялізны будынак плошчай больш за 9000 кв.м., размаляваны ў яскравыя колеры. На вялікім падворку за будынкам стаяць некалькі скульптур са шчэбню, смецця, аўтадэталяў ды інш. Зараз Тахелес з’яўляецца цэнтрам андэграўнднага мастацтва, выставаў і пэрформансаў у Берліне. Тут жа месціцца і начны клуб.   
Еўрарадыё наведала пяты паверх, дзе праходзіць беларуская выстава ДАХ ХІІІ, а таксама праходзіць экспазіцыя беларускага мастака-нэарамантыка Алеся Родзіна “Global Warning” – ягоныя карціны можна разглядаць гадзінамі, бо на іх шмат дробных дэталяў і здалёк яны выглядаюць як мазаіка: ад абстракцый да касмічных пейзажаў. Працы Алеся параўноўваюць з гульнёй у шахматы, а нехта з ягоных прыхільнікаў калісьці сказаў, што гэтыя карціне не маглі быць створаныя чалавекам. Глядзіце самі:  

Нажаль, будучыня гэтага неверагодна атмасфернага месца з моцнай энэргетыкай невядомая: ужо не першы год будынку пагражае знос, бо зямля належыць банку, а будынак – гарадскім уладам. Але вы ўсё яшчэ можаце паспець патрапіць у Тахелес, калі апынецеся ў Берліне, бо, на думку Еўрарадыё, аб’ект знаходзіцца ў топ-10 берлінскіх „must see” аб'ектаў!  
Адрас: Араніенбургер штрассэ 54/56а, раён Міттэ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі