Беларусы пацярпелі ганебную паразу ад Люксембурга, Штанге чакае адстаўка?

Зборная Беларусі па футболе правяла 13 кастрычніка ў Гомелі адборачны матч чэмпіянату Еўропы са зборнай Люксембурга. Гульня завяршылася ганебнай паразай беларусаў і моцна расчаравала і 12 тысяч гомельскіх балельшчыкаў, якія дзве гадзіны моклі пад халодным дажджом, і сотні тысяч аматараў футбола, што "балелі" каля тэлеэкранаў. Напярэдадні адборачнага матча чэмпіянату Еўропы ў Гомелі паміж футбольнымі зборнымі Беларусі і Люксембурга галоўны трэнер нашай каманды немец Бернд Штанге заявіў, што госці будуць пераможаныя.

"Ёсць сапернікі, якіх неабходна перамагаць. Люксембург адносіцца менавіта да такіх", зазначыў ён. Паводле словаў Штанге, у беларускай зборнай добры настрой, усе футбалісты здаровыя і гатовыя ісці "ў бой".

Аднак, жаданне - гэта адно, а здольнасць забіваць - зусім іншае. У гэтым пераканаліся аматары футбола, якія пабачылі матч. Атакі беларускай зборнай былі бяззубыя і просталінейныя - абаронцы гасцей іх паспяхова стрымлівалі.

А ў другім тайме госці асмялелі і правялі некалькі небяспечных атак. У выніку на працягу нейкай хвіліны наш галкіпер Юрый Жаўноў двойчы выратаваў вароты пасля ўдараў нападаючых зборнай Люксембурга.

У апошнім выпадку ў сутыкненні ён атрымаў траўму галавы і быў заменены на Васіля Хамутоўскага.

На апошніх хвілінах гульні беларусы паспрабавалі арганізаваць штурм варот Люксембурга, але ён звёўся да банальнага навалу. А госці ўдвух (!) у даданыя хвіліны правялі хуткую контратаку і забілі гол!

Адзначым, што зборная Люксембурга 12 гадоў не набірала ачкоў у афіцыйных матчах (у 1995 годзе была нічыя якраз з беларусамі).

Такім чынам нашая зборная пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера атрымала адну з самых ганебных паразаў за ўсю сваю гісторыю. Ці застанецца Штанге на сваёй пасадзе, даведаемся ў самы бліжэйшы час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі