Беларусы стварылі інтэрнэт-тэлебачанне

Што гэта за праект і якія людзі стаяць за ім?

Еўрарадыё патэлефанавала Паўлу Марозаву, аднаму з кіраўнікоў праекту “АРУ.ТВ”. Ён і распавёў, што асноўныя рубрыкі — аўтарскія перадачы, мультфільмы, інтэрв'ю, рэпартажы, дакументальныя фільмы ды арт. Нешта ўжо з’явілася на сайце. Кантэнт стварае каманда з прафесійных медыйшчыкаў з розных краін.

Павел Марозаў: "У нас ёсць серыя інтэрв’ю з экспертамі з Беларусі, Расіі, Украіны, ЕС і ЗША, каб мець палітру думак з усіх кропак свету, ёсць рубрыка "Дарожная карта" — гэта пра тое, што з намі адбудзецца ў будучыні, таксама ёсць анімацыя і рубрыка "Арт", дзе прадстаўленыя мастацкія дакументальныя кіно і кліпы. Будзе неўзабаве рубрыка "Псіхаполіс", прысвечаная праблемам маленькага чалавека ў вялікіх гарадах.



Гэта насамрэч новы праект для Беларусі, лічыць Павел. Былі рэчы, якія людзі спрабавалі рабіць у рамках традыцыйных СМІ. Але інтэрнэт-тэлебачанне дае магчымасць сумяшчаць прафесійны падыход і свабоду дзеяння. Праект прызначаны для высокаадукаваных маладых людзей не толькі Беларусі, але і ўсёй прасторы СНД.



Сайт новага онлайн-тэлебачання прапануе некалькі моўных версій, у тым ліку для беларусаў — "Беларусь па-беларуску" ды "Беларусь па-руску", ёсць і англамоўная версія. Самая напоўненая пакуль — рускамоўная, але актыўна развіваюцца і астатнія. Усе відэа можна ўставіць у свой блог і нават сцягнуць, матэрыялы вельмі добрай якасці.

У планах праекта — выхад у кабельныя тэлевізійныя сеткі, пра спадарожнік казаць рана. Павел Марозаў не лічыць, што АРУ.ТВ з'яўляецца канкурэнтам "Белсату":

Павел Марозаў: "Я думаю, у нас перадусім розныя мэты, мы хутчэй не канкурэнты, а дапаўненне, бо "Белсат" абслугоўвае вызначаную аўдыторыю — тых, у каго ёсць спадарожнікавыя талеркі, беларускамоўных беларусаў, у нас жа трошкі шырэйшая аўдыторыя, і, калі яна і перасякаецца, то не на шкоду Белсату".

 


Зараз праект з усіх сіл раскручваецца праз інтэрнэт-рэкламу, сацыяльныя сеткі і традыцыйныя СМІ. Пра эфект казаць пакуль рана.

Павел Марозаў: "Канал развіваецца, ужо бліжэй да Новага года можна будзе рабіць нейкія прамежкавыя высновы, а цяпер мы пакуль працуем на тое, каб людзі да нас прывыклі. Нашая вялікая перавага — што мы ўсе паходзім з грамадскага журналісцкага сектара, адпаведна ў нас першапачаткова вельмі добрыя кантакты з цікавымі людзьмі, і таму можна заўсёды чакаць даволі цікавых асобаў, мы будзем старацца".



Паводле меркаванняў медыя-экпертаў па ўсім свеце, менавіта за інтэрнэт-тэлебачаннем — будучыня. А самая галоўная адметнасць "АРУ.ТБ", відаць, усё ж ў тым, што на чале канала стаяць уплывовыя маладыя беларусы.

Даведка Еўрарадыё:

Павал Марозаў, 31 год

Скончыў БДЭУ па спецыяльнасці "банкаўская справа" (2000), аспірантуру БДЭУ па спецыяльнасці "фінансы і крэдыт" (2004), магістратуру ЕГУ па спецыяльнасці "паліталогія" (2004).

Заснавальнік супольнасці "Трэці Шлях", адзін са стваральнікаў "Мультклуба", у сувязі са сваёй дзейнасцю быў вымушаны эміграваць у Эстонію пасля няўдалай спробы беларускіх уладаў арыштаваць яго ў Мінску.

Заснавальнік грамадскай арганізацыі "Новы шлях для Беларусі", ініцыятар стварэння Кангрэса новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША, сябра Рады БНР,  удзельнік праекта "Ліберальны клуб", выступае з лекцыямі на тэму сітуацыі ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі