Беларусы ў крызіс скупілі новыя аўтамабілі “Porshe” на 3,3 мільёна еўра

Еўрарадыё даведалася, як у гэтым годзе “куцілі” беларусы і колькі грошай пакінулі ў модных салонах, крамах і рэстаранах Нягледзячы на крызіс, беларусы не перасталі купляць крутыя “тачкі”, хадзіць па дарагіх крамах, абедаць у рэстаранах і ездзіць адпачываць на Канары. Напрыклад, толькі новых аўтамабіляў “Porshe” скупілі больш чым на 3,3 мільёны еўра. Самы дарагі з іх каштаваў 146 тысяч еўра.

“Агулам недзе каля 50 машын. Сярэдні кошт аўтамабіля — не ніжэй за 65 тысяч еўра. Porshe-1 Turbo-S – недзе 146 тысяч. Машыны ў кожным выпадку прадаюцца. Больш балбатні вядзецца пра тое, што нехта там не купляе, крызіс і гэтак далей. Грошы – яны нікуды не падзеліся! І ў краіне яны існуюць – папросту як яны пераразмяркоўваюцца”.

Зрэшты, сёлета беларусы трацілі свае кроўныя не толькі на новыя аўтамабілі. У мінскім салоне футраў і скураной вопраткі “Снежная каралева” пакупнікоў таксама хапае.

“Сярэдняя пакупка – недзе ад 3 мільёнаў рублёў. А футры – пачынаюцца ад 10 мільёнаў, самая дарагая – 25,5 мільёнаў. Далёка не ў кожнага ёсць нават 3 мільёны на дублёнку, праўда? Каму гэта дорага, той ідзе на рынак Ждановічы і шукае іншага класу тавар”.

А вось начальнік аператарскага аддзелу турыстычнай фірмы “Алатан-тур” Ігар Шаршуноў паскардзіўся Еўрарадыё, што за мяжой беларусы сталі адпачываць менш. Затое геаграфія тураў наадварот пашырылася. Ездзілі і на Канары, і на Мальдывы.

Ігар Шаршуноў: “На леташнім узроўні – зніжэнне адбылося на 15%. Мора, экскурсійныя туры — гэта Турцыя, Егіпет, Міжземнае мора. Шмат такіх тураў. І Дамініканы, і Куба, Канарскія і Мальдыўскія астравы – ад 5 тысяч еўра”.

Не менш, чым летась, беларусы купляюць і жыллё. У мінскім рыелтарскім бюро “Твая сталіца” кажуць, што найбольшым попытам сярод пакупнікоў карыстаюцца 1- і 2-пакаёвыя кватэры. Калі рэзкіх зменаў у эканамічнай палітыцы краіны ў новым годзе не адбудзецца, рыелтары прагназуюць паступовае павышэнне коштаў на нерухомасць.

“Сярэдняя колькасць кватэр, якія ў нас прадаюцца за год, недзе каля 800. У гэтым месяцы самая дарагая аднапакаёвая кватэра ў цэнтры Мінска ў цагляным доме, практычна новабудоўля, прадалася за 1745 даляраў за метр квадратны – агулам за 112 тысяч долараў яна прадалася”.

Пасля кожнай удалай пакупкі найпершая справа – адсвяткаваць гэтую падзею. Старэйшы менеджэр рэстарана “Falcone” Наталля кажа, што наведвальнікаў у іх менш не стала. У крызісны год беларусы больш ядуць, чым выпіваюць, а за смачную страву гатовыя выкласці апошнія грошы.

Наталля: “У нас па вечарах зала забітая, і без папярэдняга запісу да нас увогуле вельмі складана трапіць. У сярэднім недзе тысяч 150-170 на чалавека. Кантынгент не змяніўся, тыя ж самыя людзі і засталіся”.

Безумоўна, набывалі беларусы сёлета і крутыя мабільнікі ды элітныя гадзіннікі. Аднак у салонах, куды звярталася Еўрарадыё, каментаваць падобныя пакупкі катэгарычна адмовіліся.



Фота з http://auto-minsk.kevges.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі