Беларусы ўжо хварэлі на свіны грып!

Свіны грып для беларусаў — не навіна. Аднак раней гэта быў не той вірус-мутант, які цяпер ахапіў увесь свет. Пра гэта расказала Еўрарадыё загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Крэтава.

Мы патэлефанавалі Святлане Крэтавай і выказалі занепакоенасць. Маўляў, вярнуліся з тыднёвай паездкі ў Нью-Ёрк і баімся, што захварэлі — кашаль, слабасць, галаўны боль. Спадарыня Крэтава паспрабавала нас супакоіць. Яна сказала, што беларусы ўжо не раз хварэлі на свіны грып. І працякае хвароба, як звычайны грып.

Святлана Крэтава: “Насельніцтва нашае хварэла на свіны грып. Гэта не навіна для нас. Хіба што толькі іншы варыянт. А калі гэта лёгкае цячэнне, то звычайна, як грып, цячэ. Кажуць, што гэта іншы, але не пужайцеся. У лёгкай форме можна перахварэць — і нічога страшнага. Лячыць, як звычайны грып”.

А вось калі грып абернецца ў цяжкую форму, то тут спатрэбяцца спецыяльныя лекі. А каштуюць яны амаль 100 тысяч!

Святлана Крэтава: “Гэты грып лечыцца, як звычайны грып. Адзінае што, калі цяжкая форма, прымяняецца “Таміфлю”. Аднак “Таміфлю” каштуе дорага. Каля 100 тысячаў”.

Аднак загваздка ў тым, што распазнаць, ці гэта той самы свіны грып, у Беларусі пакуль немагчыма. Святлана Крэтава пацвердзіла: у нашай краіне пакуль яшчэ няма штаму вірусу.

Але паводле слоў Алены Фісенкі, супрацоўніцы эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, такі ўзор вірусу і не патрэбны. Для гэтага проста трэба правільна дыягнаставаць хворага чалавека.

Алена Фісенка: “Штам і не патрэбны. Патрэбны адпаведны дыягностыкум. Яго мае наш Беларускі навукова-даследчы інстытут эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. І калі раптам узнікне падазрэнне на захворванне на гэты грып, то матэрыял хворага будзе накіраваны туды”.

Святлана Крэтава патлумачыла нам, што калі вы не хочаце захварэць, мусіце насіць рэспіратары. А вось калі ўжо адчуваеце, што захварэлі — апранайце маску, каб не заразіць іншых.

Святлана Крэтава: “Маска павінна абараняць людзей вакол, напрыклад, ад вашага кашлю. А рэспіратар абараняе таго, хто не хоча захварэць”.

Па стане на 9 траўня, згодна з афіцыйнымі звесткамі, на свіны грып захварэла 3440 чалавек у 29 краінах свету. Сярод іх 1364 у Мексіцы, у тым ліку 45 смерцяў, у ЗША — 1639 і дзве смерці, у Канадзе — 242 і адна смерць. У Еўропе найбольшая колькасць інфікаваных у Іспаніі — 88 чалавек, і ў Вялікабрытаніі, там іх — 34.

У Беларусі пакуль не зарэгістравана ніводнага выпадку свінога грыпу. Выратоўвае сітуацыю адсутнасць прамых авіярэйсаў з ЗША і Мексікі. Аднак, як кажа Алена Фісенка, усе транзітныя рэйсы ў нашым аэрапорце сустракае спецыяльная група медыкаў, якая абследуе людзей на месцы.

Алена Фісенка:
“На сёння ў нас няма прамых рэйсаў з краінаў, якія з’яўляюцца першакрыніцай распаўсюджання — гэта Мексіка і ЗША. Але транзітныя пасажыры да нас, вядома ж, прылятаюць. Таму ў нашым нацыянальным аэрапорце ёсць санітарна-кантрольны пункт. Пункт, які сустракае самалёты з транзітнымі пасажырамі. Ацэньваецца іх стан здароўя і ў час палёту, і па прыбыцці. Распаўсюджваюцца памяткі сярод іх”.

Каб параўнаць — да прыкладу, ва Ўкраіне санітарныя пасты стаяць яшчэ і на чыгуначным памежжы. Прычым некалькі з іх — на мяжы з Беларуссю.

А вось і рэкамендацыі ад беларускіх эпідэміёлагаў. Вірус свінога грыпу перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Праз ежу ён не перадаецца. Таксама не было выпадкаў заражэнняў праз харчаванне свінінай.

Трэба часцей мыць рукі, пры падазрэнні на свіны грып насіць маску і выклікаць лекара. А таксама пастарацца адмовіцца ад паездак у краіны з найбольшай колькасцю хворых. Трэба выконваць правілы асабістай гігіены і культуру прыгатавання ежы.



Фота http://www.vegaport.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі