Беларусы вырашаць праблему з недахопам жылля і беспрацоўем у Венесуэле

Беларусы едуць у Каракас вырашаць жыллёвую праблему венесуэльцаў. Чаму не дапамагчы?.. Але Еўрарадыё занепакоілася, ці не запаволіць гэта будаўніцтва жылля ў самой Беларусі. Тым больш, што цэны на кватэры ў нашай краіне працягваюць расці. У тым ліку з-за павольных тэмпаў будаўніцтва жылля.
Па словах кіраўніка ўпраўлення жыллёвага будаўніцтва Мінбудархітэктуры Аляксандра Горваля, планы па будаўніцтве цяпер зрывае Мінск:

“Усе вобласці перавыканалі планавыя заданні за 3 кварталы, а Мінск не выканаў. Было запланавана 1076 млн. кв. м. Каб выканаць план, да канца года ў сталіцы трэба дабудаваць яшчэ 400 тыс. кв. м”.

Чым больш пабудуюць жылля, тым ніжэйшымі будуць цэны, тлумачыць Еўрарадыё дырэктар агенцтва нерухомасці “БелЦТН” Мікалай Прасталупаў:

“На любым рынку колькасць прапановаў і велічыня попыту напрамую рэгулюе цану на гэтым рынку. Чым больш прапановаў, тым ніжэй цана. І наадварот – чым менш прапановаў і попыт вялікі, цана будзе расці. Безумоўна, чым больш будуецца, тым ніжэйшыя цэны”.

Па словах эксперта, зараз у Беларусі не хапае будаўнікоў, зямельных участкаў, цэменту. Каго ж мы збіраемся адпраўляць у Венесуэлу?

Як высветліла Еўрарадыё, беларускія будаўнікі ў Каракас не паедуць. Рабочых ноймуць сярод саміх венесуэльцаў, ад беларускага боку працаваць будуць інжынеры. Па словах намесніка генеральнага дырэктара брэсцкага «Будтрэста № 8» Ігара Сільчанкі, так беларусы дапамогуць венесуэльцам з працаўладкаваннем:

“Мяркуецца, што рабочыя будуць венесуэльскія. Там вялікае беспрацоўе, таму ад Беларусі будуць інжынерна-тэхнічныя работнікі”.

Як даведалася Еўрарадыё, летась сярэдні кошт жылля ў Венесуэле вагаўся ад 550 да 1200 долараў за метр – гэта прыкладна столькі ж, як і ў Беларусі за аналагічны перыяд.

Будаваць жыллё ў Каракасе даручылі арганізацыі “Белзамежбуд”. Хто канкрэтна і калі паедзе ў Каракас – пакуль невядома. Ігар Сільчанка адзначыў, што вырашацца гэта будзе 18 снежня. “Дамова падпісаная, але канкрэтнага тэрміну няма”. Але ўжо вырашана, што ад брэсцкай будаўнічай кампаніі паедзе 7 інжынераў.

Сільчанка: “Першае – людзі вывучаюць іспанскую мову, потым будзе атэстацыя, будуць размаўляць з кожным, магчыма, хтосьці і не падыйдзе”.

Як расказаў Еўрарадыё Ігар Сільчанка, беларусы пабудуюць у Каракасе 5 тысяч кватэр. Каштаваць Венесуэле гэта будзе 155 мільёнаў долараў.

Акрамя брэсцкіх інжынераў ехаць у Венесуэлу пакуль ніхто не спяшаецца. У мінскай будаўнічай арганізацыі МАПІД гавораць, што працы хапае і ў сталіцы:

“Ад нас у Венесуэлу пакуль ніхто не едзе, нас пакуль не чапалі – і добра. Дай бог нам справіцца з той праграмай, што ёсць тут, у Мінску”.

Нават намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў не ў курсе, хто адправіцца ў Венесуэлу. Калі Еўрарадыё звярнулася да чыноўніка, той, даведаўшыся, што мы тэлефанавалі ў Гомель, запытаўся у нас: ці вырашылі гамяльчане што-небудзь?

Цяпер жа можна сцвярджаць адно – інжынеры, якія паедуць у Каракас, атрымаюць шанец зарабіць грошы. Заробак будзе не меншы за 1500 долараў. Сярэдні ж заробак будаўніка ў Брэсце 850 тыс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі