Беларусы заваявалі золата на чэмпіянаце свету па скачках на батуце
На чэмпіянаце свету ў Санкт-Пецярбургу беларусы Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў заваявалі першае месца ў сінхронных скачках на батуце, перадае БЕЛТА.
Нашыя суайчыннікі атрымалі ад суддзяў 52,510 бала. Рабцаў зрабіў некалькі памылак, аднак усё адно беларуская пара выйграла "золата".
На другім месцы апынуўся французскі дуэт Сэбаст'ена Марціні і Алена Марантэ (51,850 бала). Бронзу атрымалі аўстралійскія батутысты Тай Сводлінг і Дамінік Кларк (51,270 бала).
Дарэчы, год таму на чэмпіянаце свету ў Сафіі Ганчароў і Рабцаў таксама заваявалі першае месца ў гэтым відзе праграмы.