Беларусы злавілі расіян, якія схавалі гашыш у цацку (фота)
Здарэнне адбылося ў Брэсце на беларуска-польскай мяжы.
У аўтадарожным пункце пропуску "Брэст" 17 лютага былі прадухіленыя спробы ўвозу з Польшчы ў Беларусь забароненых рэчываў. Як інфармуе БелаПАН, грамадзяне Расіі ехалі ў мікрааўтобусах "Мерседэс" і "Рэно" з французскімі нумарамі. Пасля завяршэння працэдуры афармлення ў чырвоным калідоры і падачы мытнай дэкларацыі памежнікі накіравалі мікрааўтобусы на спецыяльны надгляд.
У выніку ў салонах і сярод асабістых рэчаў пасажыраў былі выяўленыя 529 таблетак моцнага абязбольваючага прэпарата, які ўтрымлівае апіёідны анальгетык. Акрамя таго, у "Рэно" знайшлі мяккую цацку, унутры якой знаходзіўся поліэтыленавы пакет з гашышам (паводле папярэдняй інфармацыі). Праводзіцца экспертыза.
Фота: kp.by