Белавус сустрэнецца з лідскімі чыноўнікамі, каб абмеркаваць помнік Гедыміну
Заснавальнік “Арт Сядзібы” Павел Белавус распавёў Еўрарадыё пра далейшы лёс помніка Гедыміну, які сёлета ўсталююць у Лідзе. Хутка ён сустрэнецца з адміністрацыяй горада, каб абмеркаваць план дзеянняў.
“Нарэшце ўся гэтая ініцыятыва прыйшла амаль да фінальнай стадыі – вытворчасці помніка, — распавядае Белавус. –Сёння мне з Лідскага райвыканкама патэлефанавала Марыя Дукі і запрасіла ў бліжэйшы час прыехаць у Ліду, каб абмеркаваць, што ёсць, што будзе, чаго не хапае”.
Павел распавядае, што прапанаваў райвыканкаму распачаць народную краўдфандынгавую кампанію па зборы сродкаў на помнік Гедыміну. Чыноўнікам прапанова спадабалася, і ўвогуле, па словах Паўла, горад сапраўды вельмі зацікаўлены ў тым, каб гэты помнік нарэшце з’явіўся.
Павел Белавус: "Гэты год у Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы. Будзе вельмі сімвалічна, калі да гэтай акцыі далучацца ў тым ліку лідчане, якія жывуць у іншых гарадах, іншых краінах. Можа, нейкія бізнесоўцы, для якіх сапраўды гэтае пытанне важнае”.
Таксама Белавус прапанаваў райвыканкаму правесці ў Мінску прэс-канферэнцыю пра пачатак кампаніі.
Павел Белавус: “Мне цяжка сказаць, колькі грошай у горада і ці ёсць яны ўвогуле. Будзем глядзець”.
Нядаўна стала вядома пра праект, які перамог у конкурсе. Гэта сумесная праца скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава. Конны помнік Гедыміну плануюць усталяваць каля паўночнай сцяны Лідскага замка.