“Белая Русь” зарабляе на сваіх членах больш за 1 мільён долараў у год

Як даведалася Еўрарадыё, у праўладную арганізацыю ўжо ўступілі 84,5 тысячы чалавек і кожны з іх плаціць на ўнёскі працэнты ад заробку
Больш за 1 мільён долараў у год прыносяць сваёй арганізацыі сябры “Белай Русі”: столькі, па падліках Еўрарадыё, яны плацяць унёскаў.

Як распавёў прэс-сакратар арганізацыі Юрый Смірноў, на сённяшні дзень у “Белую Русь” уступілі 84,5 тысячы чалавек. Памер членскіх унёскаў прапісаны ў Статуце і не можа быць меншым за 0,3 адсотка ад заробку ці стыпендыі. Калі ж чалавек мае даходы з некалькіх крыніцаў, то ўнёсак будзе разлічвацца з сукупнага прыбытку. Усе сродкі ідуць на выкананне статутных мэтаў — гэта таксама і заробкі супрацоўнікаў арганізацыі.

У "Белую Русь" уваходзяць як простыя рабочыя, так і чыноўнікі, міністры, дэпутаты. А вось вайскоўцы пабойваюцца туды ісці, кажа Юрый Смірноў.

"Сілавікі не ўступаюць. У тым жа войску ўсё строга, як па камандзе. Таму самі па сабе вайскоўцы пабойваюцца ўступаць. Бываюць толькі асобныя выпадкі. Вось, напрыклад, прыходзіў вайсковец-кантрактнік, сказаў, што яго на працы не падтрымалі, не захацелі ствараць “пярвічку” і параілі пашукаць у іншым месцы".

У мінулай Палаце прадстаўнікоў каля 40 дэпутатаў былі ў "Белай Русі". Сёння — палова.

Юрый Смірноў: "Зараз там каля паловы. У іх там свая пярвічная арганізацыя. У яе ўваходзіць прыкладна 53 дэпутаты".

Заробак дэпутата больш за 3 мільёны рублёў. Штогод толькі "пярвічка" ў Палаце прадстаўнікоў прыносіць у арганізацыю каля 6 мільёнаў рублёў.

Згодна з Нацыянальным статыстычным камітэтам, сярэдні заробак беларусаў у траўні быў 979 тысяч рублёў. Дзелім на сто, памнажаем на 0,3 і на колькасць сябраў арганізацыі — атрымліваем, што ў сярэднім кожны “беларусавец” плаціць каля трох тысяч рублёў унёскаў на месяц. А гэта толькі 248,5 мільёнаў у месяц! А за год набягае больш чым на мільён долараў.

Нядаўна з працы звольнілі супрацоўніка кобрынскага ЖКГ, сябра партыі БНФ Аляксандра Страчука. Прычынай звальнення ён лічыць тое, што не пайшоў у "Белую Русь" і адмовіўся плаціць унёскі.

"Кіраўнічка аддзела на днях прапанавала ўступіць у “Белую Русь”, напісаць дзве заявы. Адна на ўступ, другая аб пералічэнні складак праз бухгалтэрыю. Маладыя, хто нядаўна прыйшоў, хлопцы і дзяўчаты, уступілі — дык яны застаюцца. А мяне вось звальняюць. А я ж палітычнай дзейнасцю не займаюся гады з два, задумаў ствараць сям’ю, патрэбныя грошы".

У самой “Белай Русі” падобныя рэчы адмаўляюць і кажуць, што ў арганізацыю ўсе ідуць добраахвотна.

На Маладзечанскіх электрасетках па сваёй волі "беларусаўцамі" сталі ажно 40% работнікаў. Там у арганізацыю ўступілі больш за 500 чалавек.

Але такога, каб усё прадпрыемства было ў “Белай Русі” — пакуль няма.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі