"Белнафтахім": Кошты на бензін трэба павысіць амаль на 24%

"Белнафтахім": Кошты на бензін трэба павысіць амаль на 24%

Пры цяперашніх сусветных коштах на нафту аўтамабільнае паліва ў Беларусі падаражэе. Пра гэта старшыня канцэрна "Белнафтахім" Ігар Ляшэнка заявіў у інтэрв'ю агенцтву БЕЛТА.

"Сёння кошт барэля нафты дасягнуў 80 долараў. Дзеючы ўзровень коштаў нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку значна адстае ад новага кошту барэля", — лічыць кіраўнік "Белнафтахіму". На яго думку, кошты на 92-і і 95-ы бензін павінны сёння ўкладвацца ў дыяпазон ад 80 да 85 цэнтаў за 1 літр. 

Разам з тым, Ляшэнка паведаміў, што пры змене кошту барэля ў большы ці меншы бок прапарцыйна будзе змяняцца і кошт аўтамабільнага паліва. Калі цяперашні кошт барэля нафты захаваецца, то рознічныя кошты на аўтамабільнае паліва будуць падцягвацца да названага ўзроўню (зніжэння коштаў на бензін у Беларусі, праўда, не было, нават калі кошты на нафту імкліва зніжаліся).

"З улікам сённяшняга кошту барэля чакаецца павышэнне коштаў на аўтамабільнае паліва, але паўтаруся, гэта будзе ісці сінхронна з Расійскай Федэрацыяй, практычна на 24%", — акрэсліў перспектыву кіраўнік "Белнафтахіма".

Ён дадаў, што хутчэй за ўсё павышэнне коштаў будзе па-ранейшаму ісці на 1-2 капейкі — так вырашыў урад. "Хоць асабіста наша ініцыятыва была крыху паскорыць гэты рост, таму што ад гэтага залежыць фінансавы дабрабыт прадпрыемстваў, якія пагружаныя ў інвестыцыйныя працэсы", — адзначыў Ляшэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі