"Белнафтахім" купляе ў Азербайджане 160 тысяч тон нафты
160 тысяч тон нафты Беларусь плануе атрымаць з Азербайджана. Пра гэта канцэрн "Белнафтахім" дамовіўся з азербайджанскай нафтавай кампаніяй Socar.
"Здзелка з Socar прадугледжвае пастаўку двух танкераў нафты — гэта каля 160 тысяч тон", — паведаміў у каментары БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.
Даставіць нафту плануецца праз тэрыторыю Украіны па нафтаправодзе Адэса — Броды.
Акрамя таго, у сакавіку ў Беларусь будуць пастаўляць нафту шэсць расійскіх кампаніяў. Акрамя групы "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева гэта будуць пяць новых кампаніяў, з якімі Беларусь раней не працавала, удакладніў Цішчанка. Па яго словах, расійскія кампаніі пагадзіліся пастаўляць сыравіну без прэміяў.
"У выніку ў сакавіку чакаем па паўночным кірунку два танкеры нафты і яшчэ два — па паўднёвым, а таксама пастаўкі па трубе ад шасці расійскіх кампаній", — патлумачыў ён.
Як паведамлялася раней, у сакавіку ў порт Клайпеды павінны прыйсці два танкеры з расійскай нафтай, якую набылі праз трэйдараў без прэміі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.