"Белнафтахім" працягвае перамовы з Польшчай наконт рэверсных паставак нафты
Канцэрн "Белнафтахім" працягвае перамовы з Польшчай наконт магчымасці рэверсных паставак нафты.
"Працягваюцца перамовы з польскім бокам па арганізацыі рэверсных паставак нафты па нафтаправодзе "Дружба" з тэрыторыі Польшчы на тэрыторыю Беларусі", — цытуе БЕЛТА заяву прэс-службы канцэрна.
Раней першы намеснік гендырэктара — галоўны інжынер ААТ "Гомельтранснафта Дружба" Андрэй Вярыга казаў журналістам, што рэвверсныя пастаўкі нафты з Польшчы ў Беларусь тэхнічна арганізаваць магчыма. Гэты метад фактычна выкарыстоўваўся, калі пасля красавіцкага інцыдэнту у 2019 годзе выцяснялі забруджаную нафту з польскага Гданьска ў Расію. Але такая дастаўка нафты магчыма толькі з прыпынкамі, бо Польшча не мае тэхнічнай магчымасці адначасова пампаваць нафту ў двухбаковым рэжыме.
Як вядома, з Новага года расійскія кампаніі спынілі пастаўку нафты ў Беларусь. Імі займаюцца толькі кампаніі Міхаіла Гуцарыева, але гэтага недастаткова для поўнай загрузкі беларускіх НПЗ. Беларусь шукае магчымасці купіць нафту ў іншых краінах. 18 лютага ў Беларусь прыехаў кіраўнік "Раснафты" Ігар Сечын, які правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Афіцыйнай інфармацыі пра вынікі перамоваў пакуль няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.