Белорусские новости: Лукашэнка маскіруе адпачынак пад "працоўны візіт"

Навошта прэзідэнт ездзіў у Сербію: працаваць ці адпачываць з сям'ёй? Адказ на гэтае пытанне “Еўрарадыё” шукала на старонках беларускіх і сербскіх медыяў. У апошні дзень лютага “Боінгам 737” Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Сербію. Самалёт прэзідэнта прызямліўся ў сціплым аэрапорце “Канстанцін Вялікі”, што ў горадзе Ніш.

“Горныя лыжы – адно са шматлікіх спартовых захапленняў беларускага прэзідэнта. Але выбар месцаў для адпачынку ў яго па-ранейшаму невялікі. Таму пакатацца ён ездзіць у Расію, у Казахстан. Аднойчы яго бачылі ў Аўстрыі. Зараз вось накіраваўся ў Сербію”, – аналізуе сітуацыю інтэрнэт-рэсурс “Белорусский партизан”.

“У часе прылёту Лукашэнкі на ўзлётнай паласе не было ні аркестра, ні дзяржаўных сьцягоў”, – са спасылкай на сербскія медыі піша газета “Наша Ніва”. Ні вайскоўцаў, апранутых па параднай форме, ні чырвонага дывана ад трапу. Беларускі прэзідэнт не хацеў прыцягваць увагі да наведвання Балканаў – іначай бы прыляцеў у галоўны сербскі аэрапорт імя Міколы Цеслы. Прэзідэнт ехаў на адпачынак.

“Такое права – на як мінімум 24 дня адпачынку за год – дарэчы, мае кожны працаўнік Беларусі. Як і права выбіраць месца адпачынку паводле сваёго меркавання. Дазваляюць прыбыткі – адпраўляйся хоць да чорта на рогі. – Каментуе падзею інтэрнэт-газета “Белорусские новости”. – З гэтага гледзішча ніякіх прэтэнзій да беларускага прэзідэнта быць не павінна. <…> Іншае пытанне: з чыёй кішэні аплачваюцца сербскія вакацыі прэзідэнта і яго каманды?”

І сапраўды, хто аплочвае ўвесь гэты банкет? З аэрапорта прэзідэнт накіраваўся на горналыжны курорт “Капаонік” – самы прэстыжны ў Сербіі. Адна ноч у 4-зоркавым гатэлі “Гранд”, дзе спыніўся Аляксандр Лукашэнка з усёй сваёй світай, каштуе ад 50 да 114 еўра!

Паводле розных выданняў, разам з беларускім прэзідэнтам “адпачываюць” ад 30 да 150 чалавек. Акрамя сваякоў, аховы і аховы сваякоў, сярод іх – кухар і нянькі, якія прыехалі з малымі дзецьмі.

Ды і на лыжах там, напэўна, катаюцца не бясплатна!

Па версіі сербскай медыі “Press online”, у “Капаонік” беларускі лідэр прыбыў па асабістым запрашэнні ўладальніка гатэля “Гранд”, буйнога сербскага бізнэсмэна Міядрага Косціча. Відаць, “цукровы кароль Сербіі” Косціч, які ўжо мае бізнэс па гадоўлі і продажы збожжа ва Ўкраіне, цікавіцца і беларускай сельскай гаспадаркай. І добра разумее, з кім трэба дамовіцца найперш, каб распачаць бізнэс у Беларусі.

Нягледзячы ні на што, дзяржаўныя беларускія медыі паспяшаліся назваць візіт А. Лукашэнкі ў Сербію “працоўным”: Вось, напрыклад, цытата з афіцыйнага сайта прэзідэнта:

“Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з працоўным візітам у Рэспубліку Сербія.

Кіраўнік дзяржавы правядзе шэраг сустрэч з лідэрамі краіны і прадстаўнікамі дзелавых колаў. У цэнтры ўвагі – пытанні пашырэння гандлёва-эканамічных зносінаў па самым шырокім спектры напрамкаў, перспектывы рэгіянальнага еўрапейскага супрацоўніцтва, актуальныя пытанні міжнароднай палітыкі”.

“Працоўнасць” візіту беларускага прэзідэнта ў “Капаонік” падкрэслівалі ўсе: і інфармагенцтва “БелТА”, і газета “Звязда”, і “Беларусь Сегодня”. Дарэчы, 4 сакавіка газета Паўла Якубовіча перадавіцай адгукнулася на пакуль што адзіную афіцыйную сустрэчу, якую А. Лукашэнка правёў на курорце:

“Учора адбылася сустрэча з прэм’ер–міністрам Мірка Цветкавічам. Галоўнай тэмай перамоў стала двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, што ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу цалкам натуральна. <…>

Акрамя таго, кіраўнікі двух краін выказаліся за стварэнне сумесных вытворчасцяў па зборцы беларускіх трактароў, аўтобусаў, аўтамабіляў і іншай тэхнікі.

На сустрэчы гаворка ішла таксама пра стварэнне рады справарога супрацоўніцтва, куды павінны ўвайсці ўплывовыя бізнэсмэны двух краінаў”.

Агульнасць фармулёвак набліжаецца да 100%. У адрозненне ад сціплага КПД прэзідэнта падчас гэтага працоўнага візіту. Да таго ж, “Белорусские новости” пішуць, што сербскія медыі назвалі сустрэчу “нефармальнай”:

“Для маскіроўкі адпачынку пад “працоўны візіт” адной гэтай сустрэчы, якую сербскія СМІ назвалі нефармальнай, пагадзіцеся, замала”.

Тым часам сайт “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” паведамляе, што Анатоль Лябедзька запатрабаваў у пракуратуры правесці – цытата – “праверку ўсіх акалічнасцяў адпачынку А. Лукашэнкі і асобаў, якія яго суправаджаюць у Сербіі, наконт выяўлення магчымага нямэтавага выкарыстання дзяржаўных сродкаў”. Ніякай рэакцыі на гэты зварот ад уладаў пакуль што не было.

Чакаецца, што ў Сербіі Аляксандр Лукашэнка будзе бавіць час да канца тыдня. А як вернецца – дык, трэба чакаць, як заўжды лёгка патлумачыць усё і ўсім. І для А. Лябедзькі патлумачыць асобна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі