Прадстаўнік "Ляпісаў" пра адмену выступу: Трывожны званок з вертыкалі ўлады

Нагадаем, нядаўна пскоўскія камуністы заклікалі байкатаваць і адмяніць выступ беларускага гурта. Сваю ініцыятыву яны патлумачылі тым, што Сяргей Міхалок падчас выступленняў на Еўрамайдане ў Кіеве "падтрымаў дзяржаўны пераварот ва Украіне". Ініцыятары згадалі новы альбом гурта, які з'явіўся нядаўна і мае назву "Матрёшка". Нібыта, там "у самым непрывабным выглядзе прадстаўлена Расія з яе рускай мовай, лідары Савецкага Саюза".

Прэс-аташэ “Ляпісаў” у Расіі Аляксандр Бергер у гутарцы з Еўрарадыё выказаў меркаванне, што "пскоўская справа" — гэта працяг забаронаў на выступленні, якія гурт раней спазнаў у Беларусі.



Бергер: "Ну вось тое самае цяпер упершыню адбылося ў Расіі. Амаль усе білеты на канцэрт былі прададзеныя... Наколькі мне вядома, прычынай [адмены] стала нейкае тэлефанаванне (таксама, як гэта раней адбывалася ў Беларусі). Ад каго, нам не кажуць. Але намякаюць, што ад кагосьці, хто мае сур'ёзны ўплыў, як мінімум, у горадзе Пскове. Было сказана, што калі канцэрт адбудзецца, то ў клуба будуць праблемы".



Бергер пагаджаецца, што для гурта гэта "трывожны званок" у Расіі. Зразумела, што абвінавачанні камуністаў у бок Міхалка абсалютна надуманыя, што насамрэч ініцыятары знаходзяцца не ў партыі, а ў "вертыкалі ўлады", кажа ён. Музыкі разам з Сяргеем Міхалком ужо абмеркавалі сітуацыю і словы Бергера, выкладзеныя вышэй, гэта і іх пазіцыя.



Але здавацца, маўчаць хлопцы не збіраюцца — працягнуць рабіць сваю справу, надалей змагацца праз творчасць, адзначае прэс-аташэ “Ляпісаў” у Расіі.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі