БГ і “Акварыум” адмянілі канцэрты ва Украіне “праз форс-мажор”
Расійскі рок-гурт "Акварыум" і яго лідар Барыс Грабеншчыкоў адмянілі запланаваныя на снежань канцэрты ва Украіне.
“На жаль, з прычынаў форс-мажору, наш тур па Украіне цяпер не можа адбыцца”, — напісаў у фэйсбуку ў суботу Барыс Грабеншчыкоў. Ён выказаў надзею, што “форс-мажор адыдзе ў нябыт”, і тур “Акварыума” па Украіне адбудзецца ў будучым годзе.
На частцы тэрыторыі Украіны з 28 лістапада тэрмінам на месяц уведзенае ваеннае становішча — у сувязі з захопам Расіяй украінскіх вайсковых караблёў і іх экіпажаў у Чорным моры. На час ваеннага становішча ўведзеныя абмежаванні для перасячэння мяжы грамадзянамі Расіі, нагадвае Радыё Свабода.
У прыватнасці, паведамлялася, што ўводзіцца забарона на яе перасячэнне для мужчын грамадзянаў Расіі ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў. Пасля ў памежнай службе ўдакладнілі, што іх могуць прапускаць праз мяжу ў асаблівых выпадках, па выніках гутаркі і праверкі дакумэнтаў. Відавочцы сцвярджаюць, што праз мяжу не заўсёды прапускаюць і жанчынаў.