БНТУ раздае студэнтам праязныя на студзень

Ва ўніверсітэце вырашылі не чакаць прэзідэнцкага указу аб адраснай дапамозе. Праязныя дастаюцца нават платнікам Праз тры дні студэнты згубяць льготы на праезд. Як даведалася Еўрарадыё, пакуль толькі БНТУ вырашыў падтрымаць студэнтаў і набыў 4 тысячы праязных білетаў на апошнюю дэкаду снежня і на ўвесь студзень.

Намеснік старшыні прафкома студэнтаў БНТУ Наталля Канойка гаворыць, што пакуль на такую дапамогу могуць разлічваць толькі студэнты, якія здымаюць кватэру. Ва ўніверсітэцкі спіс “бедных” уваходзіць значна больш студэнтаў. Астатнім давядзецца пачакаць афіцыйных заяваў чыноўнікаў: да апошняга застаецца незразумелым, дзе узяць грошы на выплату кампенсацый.

Наталля Канойка: У нас білеты закупляліся, як для студэнтаў бюджэтнай формы навучання, так і пазабюджэтнай. Гэтыя грошы выдзяляліся не з бюджэтных сродкаў, а з пазабюдэтнага фонда ўніверсітэта, гэта значыць універсітэт патраціў на гэта свае грошы.

Прарэктар беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Манулік не спяшаецца падтрымаць свайго калегу.

Уладзімір Манулік: Сёння бегчы наперадзе цягніка пакуль бессэнсоўна. Даваць перніка, што мы купім вам на дэкаду білет і тым самым закрыць пытанне… Ну і што?

У медуніверсітэце студэнтам будуць дапамагаць толькі ў лютым.

Уладзімір Манулік: Нашыя студэнты, якія ездзяць па дзесяці клінікам горада, бессэнсоўна купляць на першую дэкаду, і на другую, і на пятую. Таму яны купляюць білеты на месяц. У студзені ( у нас 70% іншагародніх) здаюць сесію, яны рыхтуюцца дома. Патрэбнасць у праязным востра не стаіць: яму патрэбна на чатыры экзамены купіць 8 талонаў.

У прафсаюзе Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта дакладна не ведаюць, як будзе аказвацца матэрыяльная дапамога. Старшыня Вадзім Грачоў сказаў Еўрарадыё, што яны чакаюць указанняў зверху. Згодна спісу на матэрыяльную кампенсацыю прэтэндуе большасць студэнтаў.

Вадзім Грачоў: У нас педуніверсітэт – гэта рабоча-сялянскі ўніверсітэт. Чаго тут саромецца? Да нас едуць у асноўным з рэгіёнаў, а ў рэгіёнах, Вы самі ведаеце, заробкі не вельмі вялікія.

Дагэтуль нічога не ведаюць пра кампенсацыі студэнтам у БДУ і Акадэміі ўпраўлення пры прэзідэнце.

Як даведалася Еўрарадыё, сума ў 8.750 рублёў, якую зараз атрымліваюць студэнты, якія здымаюць жыллё, будзе павялічана да 48 тысяч. А матэрыяльная кампенсацыя для сталічных студэнтаў і рэгіянальных будзе рознай.

Спачатку ішла размова пра тое, каб навучальныя ўстановы самастойна шукалі грошы на выплаты. Сёння ў ВНУ чакаюць, што прэзідэнт падпіша ўказ аб павелічэнні стыпендыяльнага фонду з 1,5% да 4%.

Намеснік Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алег Дапіра лічыць, што ў гэтым годзе такі дакумент не з’явіцца, а калі ўніверсітэты пачнуць выкручвацца з такой сітуацыі самастойна, то могуць яшчэ болей наламаць дроваў.

Алег Дапіра: А дзе яны знойдуць? Універсітэт можа знайсці грошы толькі ад перавышэння выдаткаў над прыбыткамі. Значыць мусіць быць павышаны кошт за навучанне. Адкуль яны знойдуць?

Пакуль што студэнты пазбавяцца ільготнага праезду і паспрабуюць пражыць на стыпендыю да пачатку лютага.

фота - students.usaaa.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі