Больш за ўсё ў Беларусі падаражэлі бананы, свініна і капуста
Такія вынікі за сакавік у параўнанні з лютым прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт.
Бананы сталі даражэйшымі на 19,5%, свініна — на 7%, белакачанная капуста — амаль на 6%, інфармуе БЕЛТА.
Агулам харчовыя тавары ў сакавіку падаражэлі амаль на 2% ў параўнанні з лютым 2014 года. Так, цэны на мяса і птушку, малако і малочныя прадукты падняліся на 3%, на макаронныя вырабы — на 2,3%, алкагольныя напоі падаражэлі на 2,2%, каўбасныя вырабы і вэнджаніна — на 1,6%. Менш чым на 1% падаражэлі мясныя і рыбныя кансервы, рыба і харчовыя морапрадукты, алей, яйкі, хлеб і хлебабулачныя вырабы, пшанічная мука. Гародніна патаннела на 3,9%.
Цэны на нехарчовыя тавары ў сакавіку ў параўнанні з лютым павялічыліся на 0,6%. У гэтай групе тавараў не адбылося вялікіх зменаў коштаў.
Індэкс цэн і тарыфаў на платныя паслугі ў сакавіку ў параўнанні з лютым склаў 100,9%.
У цэлым у Беларусі індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў сакавіку 2014 года ў параўнанні з лютым склаў 101,3%, са снежнем 2013-га — 104,9%.
Фота — fresher.ru