Bonobo выбірае беларускіх музыкаў
Беларускі гурт трапіў у дзясятку пераможцаў конкурсу і цяпер на яго песню можа зрабіць рэмікс сам Bonobo. Тыя, хто праляцеў, ужо рыхтуюць "адказ Чэмберлену".
Dj Bonobo, вядомы брытанскі дыджэй, кампазітар і аранжыроўшчык Сайман Грын (Simon Green), прапанаваў усяму свету выкласці на сваім сайце любы трэк.
Калі ён трапіць ў дзясятку, Bonobo абяцае зрабіць на яго рэмікс і выдаць на лэйбле Ninja Tunes, за рэлізамі якога сочыць самая густоўная аўдыторыя электроннай сцэны. Свае трэкі артысту прапанавалі і некалькі беларускіх гуртоў.
Брыт-рокавы “Hair Pease Salon” даўно сочыць за музыкай Bonobo і музыкі паспяшаліся не “прафілоніць” такі сур’ёзны шанец супрацоўніцтва са сваім кумірам:
“Bonobo цікавы для нас як музыка, але мы таксама хацелі і самі па сабе рабіць нейкія рэміксы. Вырашылі і тут паўдзельнічаць, бо Bonobo гэта чувак з крутым іменем, а калі яшчэ і рэмікс зробіць для нас, дык увогуле крута!"
“Hair Pease Salon” выставіў на ўдзел у конкурсе песню “Stand the rain”, выбіраць трэк гурту дапамагалі прыхільнікі:
“На сваёй старонцы “В контакте” мы зрабілі апытанне, маўляў, якая песня будзе найлепшай. Склалася пяцёрка трэкаў і, абапіраючыся на меркаванне нашых слухачоў і прыкінуўшы, у якім стылі грае Bonobo, мы вырашылі, што “Stand the rain” будзе найбольш камфортным трэкам для рэміксу. З ёй будзе лёгка працаваць Bonobo”.
“Hair Pease Salon”, на жаль, не трапіў ў дзясятку, але хлопцы не сумуюць і перадаюць Bonobo, што і без яго “замуцяць” рэміксы, але толькі з беларускімі дыджэямі:
“Шаноўны Баноба! Ты там сядзіш у сваім забугор’і такі круты, а ў нас тут і ў Беларусі дыджэі нармальныя рэміксы забацаюць!”
Гурт “CherryVata” прапанаваў на галасаванне трэк “Montain’n’space” з надзеяй, што музычнае знаёмства з Bonobo усё ж такі адбудзецца:
“Конкурс цікавы, і я думаю, што любы паважаючы сябе гурт з гонарам атрымаў бы рэмікс ад Bonobo. У прынцыпе нам было б цікава мець творчы connect з гэтым выканаўцам, дыджэем і прадзюсерам”.
Diamos Roll, музыка гурта “CherryVata” сам піша электронную музыку, добра ведае, як трэба рабіць рэміксы і таму ён параіў калегам даслаць на конкурс менавіта “Montain’n’space”. Хлопцы таксама не трапілі ў дзясятку, але вырашылі, што ўсё адно трапяць у плэер Bonobo:
“Мы плануем на канцэрце зрабіць кавер-версію разам з Русяй на трэк Bonobo “Walk in the Sky”, які выйшаў у яго мінулым альбоме сумесна з вакалісткай з Германіі Байкай (Bajka). Думаю, што мы яго запішам і прэзентуем Bonobo. Чаму б і не? Можа, гэта выльецца ў нейкі сумесны канцэрт, альбом ці рэліз. Ну, і проста паказаць тое, што мы зрабілі нам таксама цікава”.
Удзельнікі рок-гурта “TokRuko” даведаліся пра конкурс рэміксаў Bonobo ад “Hair Pease Salon” і вырашылі далучыцца да удзелу, на ўсялякі выпадак:
“Нас не столькі цікавіць Bonobo, колькі магчымасць зрабіць з песні TokRuko нейкі рэмікс. Нам цікава паслухаць, як гэта будзе. Можа, такі рэмікс дасць нам большую публічнасць і аўдыторыю”.
Гурт прапанаваў Bonobo свой самы свежы трэк “The waves”, але вельмі хутка выляцеў з галасавання:
“Крыўды на Bonobo у нас ніякай няма. Нам будзе прыемна, калі ён, хаця б, проста паслухае нашу песню”.
Гурт, які трапіў у дзясятку лідэраў на сайце Bonobo і які цяпер з хваляваннем чакае рашэння Bonobo, бо артыст мусіць абраць з дзесяці лідэраў толькі некалькі трэкаў, гэта этна-джазавы праект “Akana-nhs”.
“Гэта вельмі прыемна! Мы гэтага даўно хацелі і зараз гэта для нас сапраўднае свята, бо гэта рэалізацыя нашых творчых пошукаў. Яго творчасць вельмі цікавая, арыгінальная ў сваім стылістычным выглядзе і да таго ж вельмі актуальная”.
Гурт выставіў на конкурс трэк “700”, які складаецца з некалькіх абрадавых “свадёбных” старажытных песень і джазавай мелодыі:
“Нам падалося, што трэк “700” будзе вельмі зручны да апрацоўкі менавіта ў стылістыцы, ў якой працуе Сайман”.
Зусім хутка мы даведаемся пра тое, каго ж з дзясяткі лідэраў славуты Bonobo абраў для сваіх рэміксаў, і будзем трымаць пальцы, каб беларуская музыка разам з гуртом “Akana-nhs” зрабіла яшчэ адзін крок да еўрапейскай музычнай культуры.
у матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі з сайтаў www.geekdemusique.com, www.cherryvata.com,www.livesound.by, www.hairpeacesalon.com,www.bonobomusic.com і www.akana-nhs.com.