“Брэкзіт” зноў адклалі: Брытанскі парламент прагаласаваў за адтэрміноўку
“Брэкзіт” зноў адкладваецца: у суботу, 19 кастрычніка Палата абшчынаў брытанскага парламента падтрымала папраўку, згодна з якой спачатку трэба прыняць неабходнае заканадаўства, а потым выносіць на галасаванне праект угоды з Бруселем.
За папраўку, прапанаваную выключаным з Кансерватыўнай партыі дэпутатам Оліверам Летвінам, прагаласавалі 322 дэпутаты, супраць — 306.
Выступаючы на надзвычайным пасяджэнні парламента, якое ўпершыню з 1982 года адбываецца ў суботу, Летвін заявіў, што падтрымлівае пагадненне, якога дамогся прэм’ер-міністр Борыс Джонсан. Сваю папраўку дэпутат назваў падстрахоўкай, каб угода па “Брэкзіце” прымалася пасля таго, як усе іншыя пытанні вырашаныя. У адваротным выпадку кансерватары могуць адхіліць законапраект аб выхадзе з Еўрасаюза і тады Вялікабрытаніі давядзецца пакідаць ЕС без угоды.
Цяпер Джонсан мусіць папрасіць у Бруселя яшчэ адну адтэрміноўку, бо можа не паспець да 31 кастрычніка — гэта дата, на якую запланаваны “Брэкзіт”. Аднак брытанскі прэм’ер перакананы, што паспее завяршыць усе фармальнасці да гэтай даты і прасіць адтэрміноўкі не будзе.
Падчас галасавання ў парламенце ў Лондане выйшлі на дэманстрацыю праціўнікі “Брэкзіта”, якія віталі новую адтэрміноўку, паведамляе Бі-бі-сі.
Рэферэндум аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС адбыўся болей за тры гады таму, аднак Злучанае Каралеўства за гэты час фактычна не прасунулася ў гэтай справе.