Брэсцкая пракуратура адмаўляецца шукаць "мёртвыя душы"
Заяву аб магчымай фальсіфікацыі на мясцовых выбарах праваахоўнікі перанакіравалі ў органы, якія ў гэтым парушэнні падазраюцца.
Больш за месяц таму ў пракуратуру звярнулася былая кандыдатка ў Брэсцкі гарсавет Людміла Дзенісенка. Падчас азнаямлення з пратаколамі па выбарах яна заўважыла, што ажно 168 жыхароў мікрараёну Задворцы 23 сакавіка, нібыта, прагаласавалі дома. Жанчына сумняецца, што сябры выбарчай камісіі здолелі за некалькі гадзін абысці прыватны сектар былой вёскі са скрыняй для галасавання. На думку Дзенісенкі, гэта немагчыма зрабіць проста фізічна, таму яна і захацела азнаёміцца са спісам выбаршчыкаў.
Як паведаміла Еўрарадыё Людміла Дзенісенка, яна атрымала адказ з пракуратуры, што яе зварот быў перанакіраваны ў Брэсцкую гарадскую і абласную выбарчую камісіі.
Дзенісенка: "Камісіі мне ўвогуле нічога не адказалі на гэта, таму я паўторна звярнулася ў пракуратуру, спаслаўшыся на Выбарчы кодэкс. Па-першае, парушаны ўсе тэрміны адказу. Па-другое, адказу як такога ўвогуле няма. Значыцца, камісіям ёсць што прыхоўваць, калі яны не хочуць гэтыя спісы мне паказаць”.
Нагадаем, што падчас і пасля мясцовых выбараў у Брэсце назіральнікі і экс-кандыдаты неаднаразова звярталіся ў пракуратуру па фактах фальсіфікацыі, аднак безвынікова.