Брэсцкі "Будаўнік" выйграў чэмпіянат Беларусі па хакеі на траве
Сёлета ў першынстве ўдзельнічала 6 каманд. Яны правялі адна з адной па 4 гульні. А 14-16 кастрычніка вядучы квартэт сабраўся на фінальны тур у Брэсце.
У першыя гульнявыя дні фінальнага тура галоўныя фаварыты сезона — "Будаўнік" і "Мінск" — дамагліся буйных перамог над камандай Брэсцкай вобласці і “Гомелем”. Таму лёс залатых медалёў “Будаўнік” і “Мінск” вырашалі ў гульні паміж сабой.
Перад матчам брэстаўчане мелі 53 ачкі, а сталічны клуб на 12 менш. Але ў мінчан былі чатыры гульні супраць "Гомеля " у запасе. Перамога ці нічыя ў гульні супраць "Мінска" рабіла каманду з Брэста чэмпіёнам, бо "Будаўнік" абыходзіў саперніка па дадатковых паказчыках.
Падзеі на полі развіваліся драматычна. Саступаючы ў ліку, "Будаўнік" змог за 1 хвіліну 11 секунд да канца гульні зраўняць лічбы на табло. Лік 3:3 захаваўся да фінальнага свістка.
Што да бронзавых медалёў, дык іх уладальнік вызначыцца пазней. Справа ў тым, што, страціўшы шанцы на чэмпіёнства, мінчукі не плануюць праводзіць чатыры гульні супраць "Гомеля". Калі так, бронза дастанецца гамяльчанам. Пакуль жа ў табліцы трэцяй ідзе каманда Брэсцкай вобласці.
У гэтым годзе "Будаўнік" зрабіў залаты дубль. Каманда выйграла не толькі чэмпіянат Беларусі (дарэчы, у 18-ы раз), але і Кубак, піша БелаПАН.
Фота: БелаПАН.