Брэсцкі гарсавет прыняў прапановы кампаніі "Гавары праўду"
Актывісту кампаніі далі выступіць на сесіі гарсавета.
У парадку дня сесіі гарсавета стаяла сярод іншых і пытанне пра стан вуліц у горадзе. Актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” даслалі ў гарсавет пакет прапаноў. Брэсцкі каардынатар кампаніі Ігар Маслоўскі распавёў Еўрарадыё:
Маслоўскі: "З асноўным дакладам выступіў намеснік старшыні гарвыканкама, потым выступіў сам старшыня Палышэнкаў. Ён неаднаразова згадваў нашу кампанію “Тысяча і адна яма”, якую мы пачалі ў сакавіку. Я падняў руку і таксама выступіў. За 5–7 хвілін я паспеў правесці дыскусію з абодвума старшынямі".
У выніку гарсавет прапанаваў гарвыканкаму да Новага года распрацаваць перспектыўную праграму рамонту дарожнага палатна ў горадзе з указаннем крыніц фінансавання. Па словах Маслоўскага, у рашэнне гарсавета ўвайшлі каля 50% прапаноў грамадскіх актывістаў.
Фота — uralpolit.ru